Інтэрнэт-крамы абавязалі прымаць электронныя плацяжы

Прынятая пастанова Саўміна.

03.04.2012 / 10:10

У Беларусі інтэрнэт-магазіны абавязаны даваць магчымасць разліку за тавар шляхам дыстанцыйнага пералічэння грашовых сродкаў. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў ад 30 сакавіка № 291, паведамляе прэс-служба ўрада.

Дыстанцыйнае пералічэнне грашовых сродкаў — гэта разлікі ў наяўнай або безнаяўнай форме праз аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы (АІС «Разлік»), мабільнага і інтэрнэт-банкінгу, з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картак, праз касы банкаў і аб’ектаў паштовай сувязі, накладной платай пры дастаўцы тавараў па пошце, іншымі плацяжам, якія забяспечваюць паступленне сродкаў за тавар на разліковы рахунак прадаўца.

«Такім чынам, пры гандлі па ўзорах праз інтэрнэт-магазін прадавец абавязаны даць пакупнікам магчымасць разліку за набыты тавар шляхам дыстанцыйнага пералічэння грошай. Такую магчымасць юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі павінны забяспечыць пакупнікам у трохмесячны тэрмін, бо гэта пастанова набывае моц праз тры месяцы», — гаворыцца ў паведамленні.

Пастанова таксама прадугледжвае, што інфармацыя аб тавары павінна даводзіцца да пакупніка праз каталогі, праспекты, рэкламу, буклеты, фотаздымкі або іншыя інфармацыйныя крыніцы. Пры гандлі па ўзорах праз інтэрнэт-магазін інфармацыя, а таксама дата рэгістрацыі інтэрнэт-магазіна ў гандлёвым рэестры Беларусі размяшчаецца на галоўнай старонцы сайта інтэрнэт-магазіна. Дакументы, якія пацвярджаюць факт набыцця тавару, прадавец абавязаны выдаваць пакупніку разам з таварам. Узоры такіх дакументаў і парадак іх афармлення таксама размяшчаюцца на сайце інтэрнэт-магазіна.

Пастанова Саўміна № 291 уносіць дапаўненні і змяненні ў пастанову ад 15 студзеня 2009 года № 31, якой зацверджаны правілы ажыццяўлення рознічнага гандлю па ўзорах. Новы дакумент прыняты ў мэтах удасканальвання гандлёвага абслугоўвання насельніцтва пры набыцці тавараў у інтэрнэт-магазінах.