150 чалавек эвакуявалі з віцебскай стаматалагічнай паліклінікі пры пажары

03.04.2012 / 10:14

Больш за 150 чалавек былі эвакуяваны 2 красавіка з Віцебскай гарадской клінічнай стаматалагічнай паліклінікі з-за пажару.

Як паведамілі ў Віцебскім абласным упраўленні МНС, у 11.59 паступіла паведамленне аб задымленні на трэцім паверсе паліклінікі. Па прыбыцці да месца выкліку падраздзяленняў МНС назіралася моцнае задымленне на трэцім паверсе трохпавярховага цаглянага будынка медустановы, гарэла маёмасць у кладоўцы артапедычнага аддзялення.

Будынак абсталяваны сістэмай аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі і сістэмай моўнага абвяшчэння, якія ў выніку пажару спрацавалі. Работнікамі падраздзяленняў МНС з будынка былі выратаваны тры чалавекі. Сумесна з работнікамі паліклінікі з будынка былі эвакуяваны 156 чалавек — работнікі і наведнікі.

Агнём у памяшканні кладоўкі пашкоджаны камп’ютарны стол і камп’ютар. Прычына пажару і ўрон устанаўліваюцца.