У Жодзіне зноў судзяць былога палітвязня Аляксандра Малчанава

03.04.2012 / 10:18

2 красавіка (панядзелак) у Жодзінскім судзе пачаўся суд над былым палітвязнем Аляксандрам Малчанавым і ягоным сябрам Арцёмам Ігнацікавым.

Хлопцаў абвінавачваюць у крадзяжы металу з тэрыторыі мясцовага кавальскага завода цяжкіх штамповак. Паводле праваабаронцаў, якія прысутнічалі на першым судовым пасяджэнні, Аляксандр Малчанаў сваёй віны ў крадзяжы не прызнаў.

Былы палітвязень сказаў, што не разбіраў абсталявання, а толькі зьбіраў іржавыя мэталічныя прадметы на тэрыторыі цэха буйнога ліцця, які шмат гадоў не працуе.

Патрэбу зарабляць, збіраючы металалом, Аляксандр Малчанаў патлумачыў тым, што пасля таго як вызваліўся з калоніі, дзе ён адбываў 3 гады за Плошчу, яго звольнілі з «БелАЗа», а больш нікуды не бралі.

Ганна Шапуцька, якая назірала за працэсам, паведаміла: «Ён абышоў усё, дзе можна, але яго нідзе не бралі на працу як палітычнага. Гэтак і казалі адкрытым тэкстам, што мы цябе баімся браць. Ён часова займаўся разгрузкамі, хацеў аднавіцца на вучобу ў ВНУ, была такая мара, але вось давялося збіраць металалом, каб у тым ліку дапамагчы і маці».

Паводле Ганны Шапуцькі, на судзе прагучала сведчанне супрацоўніка завода пра вельмі нізкія кошты рэшткаў абсталявання ў цэху. Прыкладам, кран быў ацэнены ў 60 тысяч рублёў.

Працэс над Аляксандрам Малчанавым адновіцца 3 красавіка.