Германія купіла ў Беларусі нафты на $108 мільёнаў

А экспарт нафтапрадуктаў у Еўрасаюз за адзін толькі студзень перавысіў $1 мільярд.

03.04.2012 / 10:51

Як вынікае са справаздачы Белстата, прысвечанай экспарту мінеральных прадуктаў у студзені 2012 года, Беларусь працягвае прадаваць за мяжу сырую нафту. У прыватнасці,

Германія набыла 139 тысяч тон, заплаціўшы $107,7 мільёна. Кошт тоны склаў $774.
Гэта значна даражэй за набытую ў Расіі нафту, але танней за пастаўкі з Венесуэлы.

Што да продажаў нафтапрадуктаў, то Беларусь выручыла за студзень $1,3 мільярда, прадаўшы 1,63 мільёна тон. Як заўсёды,

асноўным пакупніком выступіў Еўрасаюз, які скупіў 78% тавару.

Найбольшая доля прыйшлася на Галандыю ($735 мільёнаў), хутчэй, на яе парты, адкуль нафтапрадукты раз’язжаюцца па ўсім свеце па нявызначаных накірунках. Украіна заплаціла $243 мільёны, трэці галоўны пакупнік – Латвія ($152 мільёны). Апроч таго, буйныя пастаўкі ажыццяўляліся ў Італію ($56 мільёнаў), Літву ($26 мільёнаў), Афганістан ($25 мільёнаў) і Польшчу (23 мільёны).

Ягор Марціновіч