Індульгенцыя на глупства

Заклікі падзяляць спорт і палітыку могуць выклікаць толькі ўсмешку. Чым палітыка так правінілася?

03.04.2012 / 11:05

І чаму б, напрыклад, не падзяліць спорт і эканоміку? Магчыма, рэч у тым, што спорт, асабліва ў Беларусі, стаў прытулкам для многіх эскапістаў — людзей, якія спрабуюць хоць неяк схавацца ад задушлівай рэальнасці. Таму любая спроба парушыць іх спакой (напрыклад, пытаннем Домрачавай пра бел-чырвона-белы сцяг) выклікае самую жорсткую рэакцыю.

На прэс-канферэнцыі па выніках сезона Дар’і Домрачавай задалі пытанне пра бел-чырвона-белы сцяг.
Здаецца, нічога страшнага не спыталі. Найлепшая біятланістка краіны сказала, што абараняе колеры чырвона-зялёнага. Таксама, здаецца, нічога заганнага не сказала. Гэта калі каротка. А насамрэч пытанне журналіста выклікала ў спартсменкі разгубленасць. Яна гаварыла доўга і расплывіста. Трэнер біятлоннай зборнай Андрыян Цыбульскі — гэта добра чуваць на дыктафоне — раіў унікаць адказу. Даша адказу не ўнікла. І за гэта гонар ёй і хвала, таму што такое здараецца рэдка.
У Беларусі задаваць спартсмену пытанне нават з далёкім намёкам на палітыку — маветон.
Гэта ўсё роўна, што спытаць у малазнаёмага чалавека пра памер зарплаты ці пацікавіцца ў дзяўчыны, колькі хлопцаў у яе было да вас. Хоць, як на мяне, спартсменаў можна пытацца пра што заўгодна (у рамках прыстойнасці, вядома. А палітыка няхай і брудная рэч, але не непрыстойная). Гэта публічныя асобы, іх меркаванне цікавае. Тым больш што права не адказваць на пытанні ў суразмоўцы ніхто адабраць не можа.

Падзяліць палітыку і спорт сёння немагчыма нават чыста паняткава. Таму што клубы вядуць «трансферную палітыку». А таксама цэнавую, маркетынгавую і г.д.

Чуць размовы пра тое, што «спорт — па-за палітыкай», асабліва пацешна ў нашай краіне. З білбордаў спартсмены агітуюць за квітнеючую Беларусь. А як толькі сканчаюцца грошы, яны бягуць да дзяржавы. У сельсаветы, выканкамы, міністэрствы і г.д. Прасіць і выпрошваць. Галоўная вартасць беларускага спартыўнага функцыянера — умець расказаць чыноўнікам, які іх клуб/від спорту цудоўны. І чаму менавіта ў гэты клуб/від спорту варта ўкінуць (спусціць на яго) некалькі соцень тысяч ці мільёнаў даляраў. Да чыноўнікаў мы прыраўноўваем і кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў, якія з’яўляюцца асноўнымі донарамі каманд. Таму калі ў Беларусі спорт будзе па-за палітыкай, ён апынецца і па-за эканомікай.

Спартсмены выдатна разумеюць, хто іх корміць. І імкнуцца трымаць рот на замку па гэтай тэме. Калі «за» яшчэ час ад часу чуецца, то «супраць» — ніколі.

Палітычны складнік выклікае хваравітую рэакцыю не толькі ў спартсменаў, але і ў аматараў спорту. Некаторыя з іх, здаецца, не супраць адабраць у куміраў права быць грамадзянамі. Мабыць, лічаць, што тыя не павінны мець думкі па палітычных пытаннях, эканамічных, сацыяльных. Быццам спартсмены жывуць не ў адной з намі краіне і не залежаць ад тых жа працэсаў, што і мы. Можа, пазбавіць іх к чорту выбарчага права? Хоць рэакцыя на дэвальвацыю паказала, што спартсмены выдатна разумеюць нашы праблемы.

Шматлікімі прыхільнікамі хакеістам, футбалістам і іншым нібы выдаецца індульгенцыя на глупства і абыякавасць. Вы гуляйце, забівайце, а ўсё астатняе ўсё роўна.
Можаце не ўмець чытаць і пісаць. Можаце спакойна глядзець на несправядлівасць. За вас прачытаюць і напішуць, а таксама вырашаць, што справядліва, а што не. Бо ў народзе спартсменаў часцяком успрымаюць як неадукаваных тумкалаў. Маўляў, камусьці адбілі галаву нагамі-кулакамі, хтосьці аб штангу часта біўся, у кагосьці шайба трапляла. Але гэта ж стэрэатып, не больш.

Часам спартсменам такі стэрэатып выгадны, каб унікнуць адказу (выглядае гэта прыкладна так: «А чо, гы-гы, я не думаю пра гэта. Мая справа — выходзіць на пляцоўку і змагацца»). Але старанней за іншых за гэты вобраз трымаюцца тыя, хто баіцца жыцця, хто спрабуе схавацца ў спорце ад таго, што адбываецца вакол іх, у краіне. Ад палітыкі — у тым ліку. Ці нават перш за ўсё. Бо ў спорце ўсё так проста, усё так зразумела (калі, вядома, не ўлічваць правілы омніума). Хто аказаўся найлепшым, той і мае рацыю. Не трэба думаць, хто маніць, а хто кажа праўду. Тут няма апазіцыі, селектарных нарад, пабітага шкла Дома ўрада, правакатараў, падтасовак, «нагінанняў», судовых працэсаў і іншага.

Спартыўныя эскапісты баяцца, што спартсмены загавораць не толькі пра ачкі і секунды. І тады ў іх уяўную хатку ўварвецца жыццё ў розных сваіх праявах.

Змешванне палітыкі і спорту — не беларускае ноў-хаў. Ва ўмераным спалучэнні такая сумесь можа быць вельмі нават нічога. Ярамір Ягр у памяць пра падзеі Пражскай вясны выбірае 68-ы гульнявы нумар. Хіба гэта не палітыка і хіба ў гэтым ёсць нешта дрэннае? І ці не таму Ягр — герой нацыі? А ўспомніце, якім было супрацьстаянне хакейных зборных СССР і Чэхаславакіі. Ці легендарныя серыі СССР — Канада. Без палітычнага складніка гэтыя гульні наўрад ці пакінулі б такі след у гісторыі. Сустрэча зборных ЗША і Ірака на футбольным мундыялі мала каго можа зацікавіць. Але з улікам некаторых абставінаў атрымліваецца яшчэ тая інтрыга. А як забаўна назіраць за ўсім, што спадарожнічае паядынкам расійскіх і ўкраінскіх футбалістаў. Такіх прыкладаў можна прывесці дзясяткі.

Можа, не варта нам і спартсменам так ужо баяцца палітыкі?