Муж ангельскай каралевы чарговы раз густа пажартаваў

+ падборка перлаў прынца Піліпа

90-гадовы герцаг даўно славіцца сваім грубаватым гумарам.

03.04.2012 / 11:27

Чарговы раз муж каралевы Вялікабрытаніі, герцаг Эдынбургскі, прынц Піліп прадэманстраваў сваё своеасаблівае пачуцце гумару, пажартаваўшы з інваліда пытаннем, ці шмат людзей той «пераехаў» на сваёй калясцы. На што 60-гадовы Дэвід Мілер, прыкаваны да інваліднага крэсла, не пакрыўдзіўся, заўважыўшы, што для герцага «тыповыя добрыя жарты».
Апошнімі днямі ў гонар 60-годдзя праўлення Елізаветы II каралеўская пара здзяйсняе паездку па раёнах Лондана. Першым яна наведала раён Рэдбрыдж на ўсходзе Лондана, дзе і вызначыўся 90-гадовы жартаўнік пры сустрэчы з інвалідам — кіраўніком асабняка Валентайн. Для сустрэчы каралевы ў алеях Валентайн-парка сабралася некалькі тысяч чалавек, якія весела віталі Елізавету II.

Ужо пасля ад’езду высокіх гасцей, адказваючы на пытанні журналістаў, Дэвід Мілер сказаў, што не пакрыўдзіўся на жарт прынца Піліпа: «Герцаг славіцца сваім гумарам, нічога страшнага не здарылася, гэта ўсё было ў рамках добрага жарту». «Я проста адказаў яму: не, Вашая Каралеўская Высокасць, я нікога не пераехаў», — падзяліўся падрабязнасцямі размовы з прынцам Дэвід Мілер.

Гумар ад прынца Піліпа, герцага Эдынбургскага

— У 1986 годзе герцаг публічна сказаў групе брытанскіх студэнтаў у Кітаі, што калі яны будуць добра вучыцца, то хутка ў іх будуць раскосыя вочы.

— Аднойчы прынц заўважыў парагвайскаму дыктатару Альфрэда Стрэснеру (прэзідэнту ў 1954–1989 гадах), «як прыемна пабываць у краіне, якой не можа кіраваць уласны народ».

— 13-гадоваму хлопчыку прынц неяк сказаў, што той ніколі не будзе касманаўтам, бо ён занадта тоўсты.

— У аднаго з інструктараў па кіраванні ў Шатландыі пацікавіўся, як яму ўдавалася выводзіць мясцовых жыхароў з запояў, каб тыя маглі здаць экзамен.

— У 2002 годзе ў Аўстраліі герцаг спытаў у аднаго з прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва, ці кідаюць яны да гэтага часу адзін у аднаго дзіды.

— У 2010 годзе ў ангельскім горадзе Эксэтэр Філіп пацікавіўся ў 24-гадовага марскога кадэта Элізабэт Рэндл, чым яна зарабляе на жыццё. Дзяўчына адказала, што працуе ў начным клубе, на што прынц удакладніў, ці не ў стрыптыз-клубе раптам.

— Пра сваю дачку прынцэсу Ганну, якая шалёна любіць коней, ён неяк сказаў: «Тое, што не жуе сена, яе не цікавіць».