Рыбак знайшоў на беразе ракі гранатамёт

Цікавы выпадак адбыўся ў Хойніцкім раёне.

03.04.2012 / 11:52

Ілюстрацыйнае фота

Незвычайную знаходку знайшоў на беразе ракі Віць, што ў Хойніцкім раёне, адзін з рыбакоў.

За прысядзібнымі ўчасткамі недалёка ад вёскі Барысаўшчына 25-гадовы мясцовы жыхар зачапіў вокам незвычайны прадмет у выглядзе трубы.
Прыгледзеўся. Аказалася, што гэта ручны супрацьтанкавы гранатамёт РПГ-26, вядомым пад назвай «Аглень».

Гэта сродак аднаразовага прымянення для знішчэння браніраваных цэляў і жывой сілы праціўніка, ён быў прыняты на ўзбраенне ў Савецкай арміі ў 1985 г. і выкарыстоўваецца ва Узброеных сілах і сёння.

Супрацоўнікі мясцовай міліцыі разам з прадстаўнікамі ваенкамата канфіскавалі знойдзеную зброю.

Паводле здагадкі міліцыянтаў, нядаўні ўладальнік вырашыў пазбавіцца ад гранатамёта з-за спецаперацыі «Арсенал», якая праводзіцца ў рэгіёне. Тым не менш праваахоўнікі маюць намер высветліць, у якім вайсковым падраздзяленні «не заўважылі» знікнення адзінкі баявой зброі. Гэта дапаможа ідэнтыфікацыйны нумар, які добра захаваўся на гранатамёце.