У Грэцыю расследуюць загадку «вострава сляпых»

Да сляпых вострава Закінтас масава вяртаецца зрок.

03.04.2012 / 13:17

Востраў Закінтас раней слыў сваімі руінамі венецыянскай эпохі, а таксама блакітнымі водамі на пляжах. Цяпер ён стаў вядомы яшчэ і надзвычайнай колькасцю сляпых. Новы ўрад краіны, які праводзіць палітыку строгай эканоміі, выявіў, што працэнт сляпых на востраве аж у 9 разоў перавышае сярэднееўрапейскі. У ЕС прыкладна 0,2% людзей лічацца інвалідамі па зроку. На Закінтасе — аж 1,8%.

Праверка выявіла, што дапамогу як сляпыя атрымліваюць, у тым ліку, мясцовы таксіст і птушкалоў (ёсць і такая пасада ў сацыяльна арыентаванай Грэцыі) .

Грэцыя сутыкнуліся з вялікім эканамічным крызісам праз тое, што ўрад доўгі час прыхоўваў сапраўдны памер дзяржаўнага доўгу, а выдаткі бюджэту ўвесь час раслі.

Праваслаўная царква Грэцыі пакуль ніяк не зрэагавала на эпідэмію слепаты на Закінтасе. Але ёй варта пільнаваць сітуацыю: хутка на востраве сляпыя масава і раптоўна стануць відушчымі.

Мікола Бугай