Хакейны матч Аўстрыя — Беларусь адбудзецца пры пустых трыбунах

03.04.2012 / 14:19

Запланаваны на 6 красавіка хакейны матч паміж зборнымі Аўстрыі і Беларусі, які выклікаў вялікую спрэчку паміж уладамі правінцыі Карынтыя і аўстрыйскай федэрацыяй хакею, усё ж адбудзецца ў прызначаны дзень у лядовым палацы горада Філах, але пры пустых трыбунах.

Паводле прэзідэнта нацыянальнай хакейнай федэрацыі Дытэра Кальта, такое рашэнне стала адзіна магчымым кампрамісам.

Прычынай спрэчак вакол міжнароднага матча 6 красавіка, які мае адбыцца ў рамках падрыхтоўкі да першынства свету 2012 году і быў загадзя зацверджаны IIHF, сталі дата і месца яго правядзення.

Сёлета на 6 красавіка ў католікаў прыпадае Вялікая пятніца — дзень, калі Хрыста распялі на крыжы.

Паводле законаў правінцыі Карынтыя, у дзень распяцця Хрыста, а таксама на Каляды тут забароненыя відовішчы, у тым ліку хакейныя матчы. Таму карынтыйскія ўлады рашуча настойвалі на адмене сустрэчы.

У сваю чаргу, Аўстрыйская нацыянальная федэрацыя хакею з шайбай заклікала ўладныя ды рэлігійныя колы зразумець і яе няпростую сітуацыю: перанесці матч у іншае месца немагчыма, а калі аўстрыйская зборная не згуляе са сваімі беларускімі супернікамі ў загадзя запланаваны час, яе далейшы ўдзел у чэмпіянаце свету стане праблематычным.

Ідучы насустрач заўзятарам, у тым ліку і з іншых аўстрыйскіх правінцыяў, гульню будуць трансляваць у жывым эфіры на канале ORF, а 20-й гадзіне паводле мясцовага часу. Адвакаты нацыянальнай федэрацыі лічаць, што ні тэлетрансьляцыя, ні нават сама гульня, калі на ёй не будзе публікі, не супярэчаць законам Карынтыі.