«Газпрам» хоча знесці ў Мінску аўтавакзал «Маскоўскі»
На яго месцы мяркуецца пабудаваць офісны цэнтр для «Белтрансгаза» і спарткомплекс.
05.04.2012 / 10:27
Чуткі пра тое, што розныя інвестары паклалі вока на тэрыторыю ў раёне скрыжавання вуліцы Філімонава і праспекта Незалежнасці ў Мінску, хадзілі даўно. Пасля таго як «Белтрансгаз» быў прададзены «Газпраму», з’явілася інфармацыя пра цікавасць да ўчастку з боку расійскай кампаніі. Кіраўнік «Газпрома» Мілер заявіў, што ў Мінску будзе пабудаваны новы камфартабельны офіс са спарткомплексам. Грошай на гэта расейцы шкадаваць не збіраліся. Верагодна, Мінгарвыканкам ўсё ж пойдзе насустрач багатаму інвестару.
Не пашкадуюць і аўтавакзал «Маскоўскі»: ён можа быць знесены.
Копію пратаколу «нарады па пытанні заключэння інвестыцыйнага дагавора з ААТ «Белтрансгаз» па забудове тэрыторыі ў раёне перасячэння праспекта Незалежнасці — вуліцы Філімонава» размясцілі карыстальнікі форуму Оnliner.by. З дакумента вынікае, што працэс перамоваў ідзе поўным ходам.
Так, на нарадзе было прынята рашэнне пагадзіцца з прапановамі ААТ «Белтрансгаз» па правядзенні разліку стратаў кампаній, якія арандуюць памяшканні на аўтавакзале. «Мінскпраект» павінен будзе распрацаваць канцэпцыю забудовы тэрыторыі. Яшчэ адно даручэнне — вызначыць арыентыровачны кошт будаўніцтва новага аўтавакзала, а таксама транспартнай развязкі на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Філімонава. Акрамя таго,
спецыялістам неабходна разлічыць кошт і характарыстыкі 2-3-павярховых дамоў для шматдзетных сем’яў у раёне праспекта Пераможцаў — вуліцы Вяснянка.
Пераносіць аўтавакзал на новае месца, мяркуючы па ўсім, таксама будуць за кошт «Белтрансгаза».
Згодна з пратаколам нарады, для рэалізацыі маштабнага праекта ў бліжэйшы час падрыхтуюць ўказ прэзідэнта.
* * *
Аўтавакзал «Маскоўскі» адкрыўся 19 жніўня 1999 года. На 7-м рэспубліканскім архітэктурным форуме «Брэст 99» будынак атрымаў Гран-пры за лепшую пабудову года. У 2002 годзе аўтавакзал прызнана лепшым архітэктурным будынкам года.