Ці патрэбныя Расіі санкцыі супраць Беларусі?

Існаванне рэжыму Лукашэнкі замінае рэалізацыі доўгатэрміновай замежнапалітычнай стратэгіі Масквы. Піша Алесь Чайчыц.

06.04.2012 / 12:48

Распаўсюджаны аргумент на карысць адмены эканамічных і палітычных санкцый супраць Беларусі сцвярджае, што Крэмль зацікаўлены ва ўзмацненні гэтых санкцый, бо яны вымусяць Лукашэнку пайсці на саступкі, перш за ўсё — перадачу стратэгічных прадпрыемстваў пад кантроль расійцаў.

Пры гэтым ігнаруецца факт таго, што

Расія за апошнія месяцы некалькі разоў заклікала адмяніць санкцыі і перайсці да дыялогу з  Менскам.
Гэтага тычылася заява МЗС Расіі, заява пасла Расіі пры ЕС, супольная заява з лукашэнкаўскай Беларуссю і Казахстанам, а таксама сумесная заява Мядзведзева і Лукашэнкі

Гэтыя заявы можна было б растлумачыць чарговым поспехам лукашэнкаўскага лабізму ў Маскве (а ў гэтым дачыненні досвед у рэжыму ў Менску багаты на перамогі) або проста піярам у рэчышчы звыклага амплуа Расіі як адваката сусветных ізгояў ад КНДР да Сірыі. Аднак

аналіз праграмных дакументаў расійскай улады, якія тычацца міжнародных адносін, дае зразумець, што гаворка ідзе аб стратэгічным інтарэсе Крамля
і аргуменце, якому ў аналізе эфектыўнасці санкцый супраць Беларусі надаецца замала ўвагі.

Расійская замежнапалітычная стратэгія: ЕС + Еўразійскі саюз

Дакументы дэманструюць два асноўныя кірункі замежнай палітыкі Расіі на бліжэйшыя гады. Адзін традыцыйна тычыцца інтэграцыі (як заяўляецца, перш за ўсё эканамічнай) на постсавецкай прасторы: пабудова адзінай эканамічнай прасторы з Беларуссю і Казахстанам, магчымае ўцягванне ў працэс іншых краін былога СССР, перш за ўсё Украіны.

Другі вектар, які звычайна застаецца ў цяні, заключаецца ў эканамічнай інтэграцыі з Еўрапейскім саюзам.

У сваім нядаўнім артыкуле будучы прэзідэнт Пуцін напісаў наступнае:

«

Расія — неад’емная, арганічная частка Вялікай Еўропы, шырокай еўрапейскай цывілізацыі.
Нашы грамадзяне адчуваюць сябе еўрапейцамі… Расія прапаноўвае рухацца да стварэння ад Атлантыкі да Ціхага акіяна адзінай эканамічнай і чалавечай прасторы — супольнасці, званай расійскімі экспертамі «Саюзам Еўропы».

Перад гэтым Пуцін тое ж самае пісаў у сваім артыкуле пра будучы так званы «Еўразійскі саюз»:

«Еўразійскі звяз будзе будавацца на універсальных інтэграцыйных прынцыпах як неад’емная частка Вялікай Еўропы, аб’яднанай адзінымі каштоўнасцямі свабоды, дэмакратыі і рынкавых законаў…

Яшчэ ў 2003 годзе Расея і ЕС дамовіліся аб фармаванні Супольнай эканамічнай прасторы, каардынацыі правілаў эканамічнай дзейнасці без стварэння наднацыянальных структураў. У развіццё гэтай ідэі мы прапанавалі еўрапейцам разам падумаць аб стварэнні гарманічнай супольнасці эканомік ад Лісабона да Уладзівастока, аб зоне свабоднага гандлю і нават больш прасунутых формах інтэграцыі. Аб фармаванні ўзгодненай палітыкі ў сферы прамысловасці, тэхналогій, энергетыкі, адукацыі і навукі. І, нарэшце, аб зняцці візавых бар’ераў. Гэтыя прапановы не павіслі ў паветры — яны дэталёва абмяркоўваюцца еўрапейскімі калегамі.

Зараз удзельнікам дыялогу з ЕС стане Мытны, а ў далейшым і Еўразійскі саюз».

Такім чынам, можна сказаць, што

ў доўгатэрміновай перспектыве цяперашняя расійская замежная палітыка нацэлена на ў тым ці іншым выглядзе эканамічную канвергенцыю ЕС і «Еўразійскага звяза».

Расію (расійскую эліту) з ЕС звязвае, магчыма, нават больш прагматычных інтарэсаў, чым з краінамі былога СССР. ЕС для Расеі — гэта асноўны рынак збыту вуглевадародаў, крыніца інвестыцый, тэхналогій, гэта месца для інвеставання капіталаў, атрымання адукацыі і месца рэалізацыі спажывецкіх памкненняў.

Крытэр паспяховасці замежнай палітыкі Расіі — перш за ўсё ў дасягненнях на еўрапейскім кірунку. Ва ўмовах глабалізаванага свету

Расія, якая так і не аднавілася пасля правальных 70 гадоў камуністычнага гаспадарання і ўжо не здольная сфармаваць самастойны цывілізацыйны полюс, будзе непазбежна ўсведамляць сябе ў якасці самабытнай частцы еўрапейскай цывілізацыі і імкнуцца да інтэграцыі з іншымі краінамі Еўропы, куды больш блізкімі ёй, чым мусульманскі Усход ці Кітай.

Лукашэнка як перашкода на шляху рэалізацыі расійскі стратэгіі

Лішне казаць, што Беларусь, знаходзячыся на сутыку Еўрасаюза і так званага расійскага «блізкага замежжа», у дадзенай канфігурацыі аказваецца не тое, каб вузлавой кропкай, але па меншай меры суб’ектам, які можа перашкодзіць рэалізацыі расійскай стратэгіі пабудовы «гарманічнага супольнасці эканомік ад Лісабона да Уладзівастока», пра які піша Пуцін.

Расія зацікаўлена ў Беларусі як паўнавартым суб’екце пан’еўрапейскага эканамічнага інтэграцыйнага працэсу.
Эканамічныя і палітычныя санкцыі супраць Беларусі відавочна супярэчаць гэтай выбудаванай Масквой схеме.

Такім чынам, Расія натуральным чынам зацікаўлена ў адмене санкцый супраць Менску. Пытанне заключаецца ў выдатках і інструментах гэтага працэсу.

Відавочна, што для зняцця санкцый ёсць два варыянты: прымус рэжыму ў Беларусі да дэмакратызацыі або прымус заходніх партнёраў да зносін з афіцыйным Менскам і прыняцця Лукашэнкі як паўнавартаснага інтэграцыйнага партнёра.

Другі падыход быў неаднаразова выпрабаваны і нязменна дэманстраваў сваю неэфектыўнасць. Цалкам верагодна, што Расія можа прадухіліць увядзенне новых санкцый з боку Захаду. Але

Расіі ніякімі намаганнямі не ўдасца вярнуць Беларусь у статус паўнавартаснага ўдзельніка еўразійска-еўрапейскай інтэграцыі, пакуль улада ў краіне належыць Лукашэнку.

Чаму Масква марудзіць

Прымус Лукашэнкі да дэмантажу аўтарытарнага рэжыму (а па магчымасці і да адстаўкі) — адзіная мера, якая гарантуе выхад Беларусі з міжнароднай ізаляцыі.

Прасцей дапамагчы Лукашэнку сысці ў адстаўку, чым прымірыць свет з абсалютна недамоваздольным рэжымам.

Адзінае, што спыняе Маскву перад рашэннем пытання пра лёс Лукашэнкі — уяўная магчымасць атрымаць ільготны доступ да прыватызацыі нешматлікіх прывабных беларускіх актываў — «Беларуськалія» і беларускіх НПЗ. Тут і ўзнікае супярэчнасць паміж стратэгічнымі інтарэсамі Масквы ў пабудове пан’еўразійскага інтэграцыйнага ўтварэння і тактычнымі інтарэсамі ў прыватызацыі канкрэтных актываў з боку расійскіх кампаній. Менавіта вакол гэтага будзе будавацца галоўная інтрыга бліжэйшых гадоў і гэта, мабыць, адзінае, на чым можа спекуляваць рэжым у Менску ў дадзены момант.

Пры гэтым трэба ўсведамляць, што супярэчнасць гэта не устойлівая і не зможа трымацца занадта доўга. Супраць статусу-кво працуе ў тым ліку і крытычнае становішча беларускай эканомікі. Да таго ж,

з амаль любой іншай беларускай уладай дыялог аб прыватызацыі або ўваходжанні ў капітал стратэгічных прадпрыемстваў, магчыма, будзе больш канструктыўным.
А галоўнае, не будзе пагрозы перагляду любых здзелак, ажыццёўленых пры Лукашэнку, легітымнасць улады якога ставіцца пад сумнеў.