Пераробка школьных праграм па літаратуры – змаганьне зь беларускай культурай
Зварот управы Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў да грамадзян Рэспублікі Беларусь, настаўнікаў, літаратуразнаўцаў, бацькоў беларускіх школьнікаў
14.03.2007 / 11:19
Зварот управы Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў да грамадзян Рэспублікі Беларусь, настаўнікаў, літаратуразнаўцаў, бацькоў беларускіх школьнікаў
Як нам стала вядома, рыхтуецца маштабнае «ідэалагічнае» перапісванне школьных праграм па беларускай літаратуры. Стылістыка некаторых дакументаў сведчыць: на Беларусь вяртаюцца змрочныя часы, калі ап’янелыя рэвалюцыйнымі падзеямі дзяржаўныя чыноўнікі па‑вар’яцку змагаліся з нацыянальнай літаратурай, у выніку чаго ў 20‑30‑х гадах былі рэпрэсаваныя сотні беларускіх пісьменнікаў, а іх творы на дзесяцігоддзі забараняліся.
У наш час пасля гвалтоўнай пераробкі «Праграмы па гісторыі беларускай літаратуры 20 стагоддзя: Для студэнтаў філалагічнага факультэта» (БДУ, 2003) сталічныя ідэолагі прыняліся за праграмы школьныя. Нашчадкам сумнавядомага Бэндэ, да прыкладу, не падабаецца базісная аснова беларускай літаратуры 20 стагоддзя – яе адраджэнцкі пафас, і яны сваімі распараджэннямі загадваюць (цытуем у мове дакумента) «переформулировать... содержание раздела 5 «Літаратура нацыянальнага адраджэння» в программе для 11 класса».
Ідэалагічныя чыноўнікі Беларусі даходзяць да найвышэйшай ступені ганебнасці і фарысейства, калі ў юбілейны год нацыянальнага генія Янкі Купалы імкнуцца забараніць некаторыя ягоныя творы, у прыватнасці – п’есу «Тутэйшыя», забараняюць для вывучэння (а праз тое – і публікавання) аповесць Васіля Быкава «Аблава».
Сучасныя герастраты ў сваіх «распарадзілаўках» патрабуюць ад складальнікаў новых школьных праграм «предельно минимизировать использование оппозиционно настроенных писателей… Н.Гилевича, Р.Бородулина, Г.Буравкина и других», «исключить из списков литературы для изучения и внеклассного чтения произведения С.Алексиевич, С.Законникова, О.Ипатовой, В.Орлова, М.Скоблы, В.Чаропки и иных оппозиционно настроенных писателей», а «проекты программ обязательно согласовывать с Союзом писателей Беларуси и представить доработанные проекты программ с визой Н.И.Чергинца 1 марта 2007г.».
У новых праграмах загадваецца «обязательно упомянуть о создании Союза писателей Беларуси и его роли в… развитии (!) литературы». Гэтым Саюзам, створаным усяго год назад, дзяржаўныя ўлады намагаюцца замяніць наш Саюз Купалы, Коласа, Броўкі, Танка, Караткевіча, Мележа, Быкава, Брыля, Шамякіна, Навуменкі.
Паважаныя грамадзяне Беларусі! Ад імя найстарэйшай і цяпер апальнай творчай арганізацыі Беларусі – Саюза беларускіх пісьменнікаў (які раней называўся Саюз пісьменнікаў БССР, Саюз пісьменнікаў Беларусі), — сцвярджаем: толькі нацыянальная літаратура можа выхаваць сапраўдных патрыётаў нашай краіны. Адзіны крытэрый мастацкасці і значнасці літаратуры — не рабскае слугаванне ўладзе ці «опозицонная ностроенность», а ступень любові да Радзімы і роднага слова, мастацкае ўменне казаць праўду свайму народу.
Запланаваная пераробка школьных праграм па літаратуры – злачынства перад нацыянальнай спадчынай, прадуманае кашчунства, урэшце – яскравы прыклад «змагання» ўлады з нацыянальнай беларускай культурай. У перыяд энергетычна‑эканамічнага ліхалецця ідэалагічныя чыноўнікі не рупяцца аб духоўнай падтрымцы будучых пакаленняў беларусаў, а імкнуцца выліць сваю злосць на нацыянальную літаратуру! Падобнага не дазваляюць сабе чыніць аніводныя ўлады колішніх савецкіх краін. Наадварот, яны клапоцяцца не за сваіх літаратурных падпявал, а за агульнанацыянальную літаратуру.
Дарагія суродзічы! Давайце супольна запатрабуем у чыноўнікаў Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі, а таксама ў кіраўнікоў падтрыманага ўладай і бюджэтнымі грашыма Саюза пісьменнікаў афіцыйных тлумачэнняў і заклічам іх да адказнасці! Прозвішчы сучасных літаратурных знішчальнікаў ганебнымі літарамі будуць запісаны ў летапіс нацыянальнай культуры.
Не дамо сучасным апрычнікам здзяйсняць новыя літаратурныя рэпрэсі і ставіць свае неабальшавісцкія вопыты!
Няхай жыве ліатратура Купалы і Быкава!
12 сакавіка 2007 года