Улады пагражаюць спыніць будоўлю, якую вядуць палякі

«Мабільная група Мінгарвыканкама ў рамках месячніка бяспечнай працы выявіла шэраг парушэнняў пры будаўніцтве другога корпуса гасцініцы «Вікторыя».

10.04.2012 / 10:29

Лукашэнкаўцы пагражалі ўдарыць па інтарэсах еўрапейскага бізнэсу ў Беларусі ў адказ на абмежавальныя меры Еўрасаюза. У сувязі з гэтым прыцягнула ўвагу паведамленне, што «мабільная група Мінгарвыканкама ў ходзе маніторынгу будаўнічых аб’ектаў у рамках месячніка бяспечнай працы выявіла шэраг парушэнняў пры будаўніцтве другога корпуса гасцініцы «Вікторыя».

— Проста абы-што. Парушэнне на парушэнні. Я думаю, што ў бліжэйшы час будуць прыняты адэкватныя меры, — сказала начальніца аддзела аховы працы Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Наталля Несцяровіч.

Паводле яе слоў, мабільная група Мінгарвыканкама ў бліжэйшы час наведае гэты аб’ект яшчэ раз і ў выпадку невыканання генпадрадчыкам вынесеных прадпісанняў будзе ініцыяваная пазачарговая праверка, па выніках якой можа паўстаць пытанне аб прыпыненні работ.

Гэта даволі рэдкі выпадак для Беларусі, прытым што працы на аб’ектах беларускіх забудоўнікаў вядуцца, мякка кажучы, рознымі спосабамі і парадку там часта менш, чым на ўзорным аб’екце, што стаіць на трасе прэзідэнцкага картэжу.

Будаўніцтва другога корпуса гасцініцы «Вікторыя», што на праспекце Пераможцаў (былы Машэрава), пачалося ў красавіку 2011 года. Заказчыкам будаўніцтва з’яўляецца КУП «Сталіца», генпадрадчыкам — польская кампанія Unibep, фінансуюць «Беларусбанк» і польскі Bank Gospodarstwa Krajowego. Аб’ект застрахаваны польскай карпарацыяй «Кухе». Галоўным праекціроўшчыкам другога корпуса гасцініцы «Вікторыя» выступае «Мінскграмадзянпраект».

На сёння каркас будынка гатовы на 70 адсоткаў, і пачалося будаўніцтва паркінга.

Мікола Бугай