Генеральныя планы ўсіх абласцей распрацаваны ў Беларусі

10.04.2012 / 17:35

Аб гэтым паведаміў сёння журналістам дырэктар Беларускага дзяржаўнага навукова-даследчага праектнага інстытута горадабудаўніцтва (БелНДІП горадабудаўніцтва) Віктар Іўлічаў.

«Наш інстытут завяршыў распрацоўку генеральных планаў усіх абласцей Беларусі. Цяпер яны знаходзяцца на разглядзе ў Савеце Міністраў. Таксама завяршаецца работа над трэцяй карэкціроўкай генеральнага плана краіны», — адзначыў Віктар Іўлічаў.

Праекціроўка тэрыторый, паводле слоў дырэктара інстытута, з’яўляецца важнай і адказнай работай, якая сёння запатрабавана не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Так, БелНДІП горадабудаўніцтва прымаў удзел у распрацоўцы генеральнага плана сталіцы Малдовы — горада Кішынёва, комплексна-тэрытарыяльнай схемы Калінінградскай вобласці, удзельнічае ў стварэнні генплана Казахстана. Творчыя сувязі інстытута — у Галандыі, Швецыі, Германіі і Польшчы, паведаміў Віктар Іўлічаў.

Акрамя таго, інстытут завяршыў работу па стварэнню планаў тэрыторый прыгранічных рэгіёнаў Беларусі з Польшчай і Украінай, а таксама пачаў распрацоўку схемы комплексна-тэрытарыяльнай арганізацыі Беларусі і Расіі як адзінай Саюзнай дзяржавы.

Віктар Іўлічаў нагадаў, што сёння ў Беларусі налічваецца 205 гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу, а таксама 23 467 населеных пунктаў. За апошнія пяць гадоў у краіне створаны 1481 аграгарадок.