Жонка Каваленкі баіцца, што муж можа не перанесці этапавання ў Навінкі

10.04.2012 / 17:42

Жонка віцебскага актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргея Каваленкі Алена баіцца, што яе муж можа не перанесці этапавання ў рэспубліканскую псіхіятрычную бальніцу ў Навінках (Мінск).

Нагадаем, што 10 красавіка судовая калегія Віцебскага абласнога суда прызначыла Сяргею Каваленку комплексную псіхіятрычную экспертызу ва ўмовах стацыянара. У Навінкі ён павінен быць адпраўлены ў хуткім часе.

«Я не ведаю, як у яго стане, у стане галадоўкі, ён перанясе этап, — сказала яна ў каментарыі БелаПАН. — У мяне ёсць толькі дзве думкі пра гэта. Першая — ён памрэ па дарозе, і тады здымаюцца ўсе пытанні. Другая — прызнаюць, што ў яго поўнасцю адсутнічае памяць, дыскрэдытуючы тым самым ідэі, за якія ён змагаецца, і прызначаць прымусовае лячэнне ў духу савецкіх часоў і карнай псіхіятрыі», — мяркуе жонка апазіцыянера.

Алена непакоіцца з-за таго, што ўжо прыблізна трое сутак ніхто са сваякоў і блізкага атачэння Сяргея яго не бачыў. «Учора, 9 красавіка, да яго не дапусцілі адваката. Сёння яго не прывезлі ў суд. Сёння ж яго ў калоніі „Віцьба-3“ паспрабавала наведаць маці, аднак урач калоніі заявіў, што Сяргею ўкалолі нейкі седатыўны сродак, ён спіць і праспіць да вечара», — паведаміла Алена Каваленка.