У падарунак прызыўніку
Выйшла чарговая кніга з сэрыі "Кнігарня "Наша Ніва".
14.03.2007 / 19:18
Печанко Сямён. У беларускім войску: Падарунак прызыўніку. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2007. — 72 с. — (Кнігарня "Наша Ніва").
Усьлед за падарожнай і жаночай, у сэрыі «Кнігарня «Наша Ніва» зьявілася вайсковая кніга. Ейны аўтар — журналіст «НН» Сямён Печанко. У 2003-2004 гг. Сямён служыў у адной з вайсковых часьцей Наваградка. У выніку службы й нарадзілася цэлая кніга, выбраныя часткі якой друкаваліся на старонках газэты.
Аўтар без прыхарошваньняў і ачарненьня расказвае пра рэаліі сёньняшняга войска, якое яшчэ не пасьпела ператварыцца ў эўрапейскае, але ўжо і не савецкае, расказвае пра простыя рэчы, зь якімі штодня сутыкаюцца жаўнеры. Прысяга, вайсковыя сталоўкі і пошта, мэдыцына, нарады і нарэшце доўгачаканы дэмбель. Усё гэта знайшло адлюстраваньне ў кнігі.
Сямён Печанко піша: «Амаль кожны, хто пакаштаваў салдацкага хлеба, нават праз гады ня можа пазбавіцца ад успамінаў пра войска. Незалежна ад таго, ці спадабалася яму там, ці немагчыма было прычакаць апошняга дзянёчка. Мая «настальгія» вылілася ў вось гэтыя, надрукаваныя ў «НН», нататкі. Гэта не павучаньне кшталту «хто не служыў – той не пацан». Буду рады, калі гэтая кніжыца ў нечым дапаможа тым, каму лёс - паслужыць у войску».
Кніга мае зручны кішэнны фармат. Прадмова Сяргея Балахонава. Найлепшы падарунак для тых, каго летам чакае прызыў. І наогул усім, хто любіць чытаць па-беларуску.
Шукайце ў незалежных распаўсюднікаў і кнігарнях.