«Анёл А»
ТВ, 16 сакавіка, пятніца
Люк Бэсон нарэшце вярнуўся да сваіх вытокаў і зрэжысаваў чорна-белую рамантычную камэдыю пра збавеньне душы чарговага недарэкі.
16.03.2007 / 08:33
Лад, 21.10
Францыя, 2005, чорна-белы, 88 хв.
Рэжысэр: Люк Бэсон
Ролі выконваюць: Жамэль Дэбуз, Ры Расмусэн, Жыльбэр Мелкі, Серж Рабукін, Акір Шыр, Венус Бун
Жанр: Дыдактычная камэдыя з рамантычнымі элемэнтамі.
Адзнака: 7 (з 10).
Люк Бэсон нарэшце вярнуўся да сваіх вытокаў і зрэжысаваў чорна-белую рамантычную камэдыю пра збавеньне душы чарговага недарэкі.
Герой фільму, паталягічны хлус Андрэ (Жамэль Дэбуз), вінны грошы ўсім мафіёзным групоўкам Парыжу. Калі шахрай вырашае зрабіць сабе сьмерць, нябёсы пасылаюць яму выратаваньне ў выглядзе даўганогай бляндынкі-анёла ў нэгліжэ. Анёл валодае каратэ – і па сумяшчальніцтве шлюха.
Найлепшае ў карціне Бэсона – чорна-белыя кадры ад апэратара Т’еры Арбагаста. Кадры стылёвыя, лірычна-вытанчаныя, па-восеньску сэнтымэнтальныя. Чорна-белы позірк нагадае «Неба над Бэрлінам», а пяро ў паветры – «Форэста Гампа».
Плястыка Анёла-бляндынкі (Ры Расмусэн) ідэальна ўпісваецца ў рамантычныя віды Парыжу, а яе звычкі скрадзеныя з колішняй музы Бэсона Мілы Ёвавіч.
Але гэта мілая, цёплая й дасьціпная карціна занадта простая для высакалобага арт-гаўзу, як і занадта аўтарская для камэрцыйнага кіно. Бэсону бракуе «няправільнасьці», юнацкага імпэту, затое бачны падзабыты рэжысэрскі статус.