Лукашэнка перанёс сваё пасланне народу і парламенту

з 19 красавіка на нявызначаны тэрмін. Лукашэнка адправіў яго на дапрацоўку. Лукашэнка загадаў унесці папулісцкія праўкі ў частку аб прыватызацыі і змякчыць замежнапалітычны курс.

17.04.2012 / 09:32

Пасланне Лукашэнкі беларускаму народу і нацыянальнаму сходу, раней запланаванае на 19 красавіка, перанесена на больш позні тэрмін. Як паведаміў кіраўнік яго прэс-службы Павел Лёгкі, Лукашэнка адхіліў праект Паслання, падрыхтаваны дзяржаўнымі органамі, і адправіў яго на дапрацоўку.

Лукашэнка даручыў перапрацаваць шэраг палажэнняў Паслання, якія тычацца, у прыватнасці, пытанняў прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці, а таксама замежнапалітычнага курсу краіны.

Лукашэнка даручыў улічыць ў праекце Паслання шэраг прынцыповых момантаў: недапушчальнасці залішне ліберальнага падыходу пры продажы дзяржаўнай уласнасці, катэгарычнай непрымальнасці гэтак званай беспадстаўнай прыватызацыі, а таксама абавязковай і ўсёабдымнай абароны інтарэсаў простых работнікаў і ўсіх шараговых грамадзян Беларусі ў ходзе магчымай прыватызацыі прадпрыемстваў.

У частцы, якая тычыцца замежнапалітычных падыходаў, Лукашэнка выказаўся супраць залішне жорсткіх мер рэагавання на праблемы, якія ўзнікаюць ва ўзаемаадносінах Беларусі са сваімі партнёрамі.
Нядаўна ў Лукашэнкі адбыліся пашыраныя нарады па пытаннях прыватызацыі, а таксама замежнай палітыкі, у ходзе якіх ім быў зроблены шэраг заяваў.