Новыя могілкі пабудуюць пад Мінскам

17.04.2012 / 10:17

Новыя могілкі плануецца пабудаваць у наваколлі Мінска паблізу вёскі Казекава (Мінскі раён). Аб гэтым паведаміў генеральны дырэктар ДВА «Камунальная гаспадарка Мінгарвыканкама» Эдуард Зотаў 16 красавіка на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме.

«Сёлета выдзелены ўчастак у раёне вёскі Казекава плошчай 83 га для праектавання і будаўніцтва гарадскіх могілак «Лясныя», — сказаў Эдуард Зотаў.

Папярэднія работы выкананы: праведзены грамадскія слуханні (дзве нарады з мясцовымі жыхарамі), па выніках якіх усе заўвагі ўлічаны. Таксама атрыманы тэхнічныя ўмовы ад раённых арганізацый. Праектуе аб’ект інстытут «Мінскпраект».

«У 2012 годзе завершыцца праектаванне першай чаргі могілак, на 2013 год запланаваны пачатак будаўніцтва», — інфармаваў гендырэктар, дадаўшы, што пабудаваць могілкі намечана за два гады.

Дзяржаўнай спецыялізаванай арганізацыяй у Мінску ў сферы пахавальнага сервісу з’яўляецца КУП «Спецкамбінат КБА». На балансе прадпрыемства знаходзяцца ўсе могілкі горада — 24, абсалютная большасць з якіх — абмежавана дзеючыя.