У Маскве сяміпавярховы дом абрынуўся на людзей

Будаваны сяміпавярховы будынак бізнэс-цэнтра абрынуўся на працоўных на поўдні Масквы.

17.04.2012 / 11:53

Як паведамляюць інфармагенцтвы, надзвычайнае здарэнне адбылося ў ноч з 16 на 17 красавіка.

Паводле апошніх дадзеных, адзін чалавек загінуў, яшчэ 11 атрымалі траўмы.

Здарэнне адбылося каля другой гадзіны ночы на вуліцы Праектаваны праезд нумар 4062. Абрынуўся маналітны бетонны дом, збудаваны да ўзроўню 5–6 паверха, размешчаны на тэрыторыі ААТ «Доследна-эксперыментальны завод «Грэйфер». Агульная плошча абвалу склала каля 500 кв.м.

Дзесяць пацярпелых былі дастаўленыя ў бальніцу, двое з іх у цяжкім стане. Яшчэ адзін адмовіўся ад шпіталізацыі. Паводле дадзеных праваахоўных органаў расійскай сталіцы, пацярпелыя рабочыя, як мяркуецца, — грамадзяне краін СНД. Месца надзвычайнага здарэння ўжо адпрацавалі кінолагі. Пошукавыя сабакі нікога не знайшлі.

Між тым, прадстаўнікі фірмы-забудоўшчыка на сувязь не выходзяць. Ужо высветлена, што будынак узводзіўся незаконна. Цяпер ідзе разбор завалаў, вышыня якіх дасягае 10 м. Заведзеная крымінальная справа.