Гродзенскі абласны суд пакінуў прысуд міліцыянеру Лінкусу без зменаў

17.04.2012 / 12:10

Гродзенскі раённы суд у лютым 2012 года асудзіў былога кіраўніка Гродзенскага абласнога аддзела дэпартамента аховы маёра Дзінаса Лінкуса на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за збіццё начальніка Шчучынскага раённага аддзела дэпартамента аховы Аляксея Сяргея.

Калегія абласных суддзяў не задаволіла хадайніцтва з боку пацярпелага — узяць Лінкуса пад варту адразу ў зале суда.

У судзе Лінкус зноў цалкам не прызнаў сваёй віны і настойваў на тым, што ў судзе першай інстанцыі яго справу разгледзелі неаб’ектыўна і павярхоўна. Аднак калегія Гродзенскага абласнога суда палічыла яго довады беспадстаўнымі. У судовым пасяджэнні браў удзел пацярпелы А. Сяргей.

Яшчэ да гэтага працэсу актывісты грамадзянскай кампаніі «Наш дом» распавядалі, як Лінкус, яшчэ працуючы ў Мінску, затрымліваў актывістаў апазіцыі, здзекаваўся і пагражаў, ужываў сілу не толькі да мужчын, але і да жанчын.