Краіны, далучаныя і недалучаныя да Балонскага працэсу - фотафакт

Беларусь застаецца белай плямай на мапе Еўропы.

20.04.2012 / 09:16

Беларусь адзіная сярод краін Еўропы не далучылася да Балонскага працэсу. Амаль таксама выглядал б мапа па краінах, што ўваходзяць і не ўваходзяць у Раду Еўропу. Удзел у Радзе Еўропы, нагадаем, дае грамадзянам права абскарджваць судовыя рашэнні ўладаў сваёй краіны ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека.

Балонскі працэс — гэта механізм збліжэння сістэм адукацыі ў Еўропе.

Расія далучылася да яго ў 2003 годзе, Украіна — у 2005-м, Казахстан — у 2010-м. Ён забяспечвае ўзаемнае прызнанне дыпломаў. Таксама ён дае адзіныя крытэры ацэнкі якасці адукацыі, а студэнтам — магчымасць выбару дысцыплін, якія яны вывучаюць. Студэнты і выкладчыкі маюць магчымасць пераязджаць з універсітэта ва ўніверсітэт і з краіны ў краіну.

У еўрапейцаў не ўкладаецца ў галаве, як можна выключаць студэнтаў з універсітэтаў за ўдзел у палітычнай дзейнасці. У свой час агіду еўрапейцаў выклікалі справы Хомы і Шапуцькі.

Магчымасць выкладаць у беларускіх універсітэтах таксама залежыць ад палітычных поглядаў і лаяльнасці, асабліва ў рэгіянальных ВНУ.

У Беларусі немагчыма стварыць ВНУ, калі заснавальнік не звязаны з лукашэнкаўцамі. Тыповы прыклад: ЕГУ пазбавілі рэгістрацыі, і ён дагэтуль вымушаны працаваць у Вільні.

Наступны шанец далучыцца да працэсу наша краіна атрымае толькі ў 2015 годзе. Пакуль вердыктам міністраў адукацыі еўрапейскіх краін стала: «Беларусь не выконвае прынцыпы і не трымаецца каштоўнасцяў Балонскага працэсу, такіх як акадэмічная свабода, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй».

Мікола Бугай