У В'етнаме ад невядомай хваробы загінулі 19 чалавек

20.04.2012 / 10:24

В'етнамскія лекары запрасілі міжнародных экспертаў, каб высветліць невядомае захворванне, ад якога за год загінулі 19 чалавек у раёне Бата ў правінцыі Куангнгай.

Найбольшую небяспеку гэтая інфекцыя уяўляе для дзяцей і падлеткаў. Асноўныя сімптомы невядомага захворвання -- высокая тэмпература, страта апетыту, сып на руках і нагах. Калі не лячыць хваробу на ранняй стадыі, у будучыні ў інфікаванага могуць з'явіцца праблемы з печанню і многімі іншымі ўнутранымі органамі.

Першая ўспышка загадкавай скурнай інфекцыі пачалася ў красавіку 2011 года, але да кастрычніка колькасць выпадкаў паменшылася. Шматлікія паведамленні аб хворых зноў сталі паступаць у пачатку 2012 года.

З тых часоў было зарэгістравана 9 выпадкаў смяротнага выніку, прычым апошні з іх быў зафіксаваны ў панядзелак - ад інфекцыі памёр 46-гадовы мужчына.

Па розных дадзеных, усяго невядомай хваробай заразілася як мінімум 164 чалавекі. На дадзены момант каля ста застаюцца шпіталізаванымі, стан дзесяці з іх ацэньваецца як крытычны.