Першымі вернуцца паслы Польшчы і ЕС?

Ужо на пачатку наступнага тыдня.

20.04.2012 / 15:26

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза Майра Мора і пасол Польшчы Лешак Шарэпка першымі вернуцца ў Мінск у пачатку наступнага тыдня, паведамляе брусельскі сайт EUobserver са спасылкай на высокапастаўленую крыніцу ў ЕС. Паслы астатніх краін Еўрасаюза вернуцца ў Беларусь пазней, адзначае выданне.

***

Дыпламатычны канфлікт разгарэўся пасля лютаўскага рашэння ЕС аб пашырэнні санкцый у дачыненні да Беларусі. 28 лютага беларускія ўлады рэкамендавалі кіраўніку прадстаўніцтва Еўрасаюза Майры Моры і паслу Польшчы Лешаку Шарэпку «выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці націску і санкцый». Адначасова Мінск адклікаў для кансультацый пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры Еўрасаюзе Андрэя Еўдачэнку і пасла Беларусі ў Польшчы Віктара Гайсёнка. У адказ у канцы лютага — пачатку сакавіка краіны ЕС адклікалі сваіх паслоў з Мінска.

18 красавіка міністр замежных спраў Славакіі Міраслаў Лайчак заявіў, што прыйшоў час паслам ЕС вярнуцца ў Беларусь.

«Прыйшоў час вяртацца паслам, бо нам трэба, каб паслы выконвалі сваю працу, — заявіў Лайчак. — Яны не павінны быць часткай палітычнай спрэчкі паміж Еўрасаюзам і Беларуссю».

«Да таго ж Еўрасаюз быў дастаткова велікадушны: паслы ЕС выехалі з Беларусі, але мы пакінулі беларускіх паслоў у сваіх краінах, згадзіўшыся з дысбалансам на карысць Беларусі. Гэтым мы хацелі прадэманстраваць, што не зацікаўлены ў эскалацыі сітуацыі», — адзначыў кіраўнік МЗС Славакіі.

30 сакавіка ЕUobserver паведаміў, што паслы ЕС усе разам вернуцца ў Беларусь неўзабаве пасля каталіцкага Вялікадня, «калі Аляксандр Лукашэнка за гэты час не зробіць нейкіх рэзкіх крокаў».