Гэта мы. Мікола Ермаловіч - відэа
Слыннаму гісторыку 29 красавіка споўніўся б 91 год.
29.04.2012 / 10:54
29 красавіка 2012 года споўніўся 91 год са дня нараджэння Міколы Ермаловіча. Кнігі і артыкулы гісторыка, апублікаваныя ў апошняе дзесяцігоддзе XX стагоддзя, сталі адкрыццём старажытнай Беларусі.
(Кіначасопіс "Браты Ермаловічы", 1993 г., рэжысер У.Кавалеў, аператар У. Цырткоў; кінастудыя “Беларусьфільм”)
Ермаловіч нарадзіўся ў вёсцы Малыя Навасёлкі цяперашняга Дзяржынскага раёна. Скончыў мясцовую школу, потым- Мінскі педагагічны інстытут. Працаваў загадчыкам Шаркоўшчынскага раённага педагагічнага кабінета, настаўнікам у Мардовіі, інспектарам Суражскага раённага аддзела народнай асветы, завучам у Дзяржынску. У 1948-1955 гадах - старшы выкладчык кафедры беларускай літаратуры Маладзечанскага настаўніцкага інстытута, наступныя два гады - загадчык метадычнага кабінета Маладзечанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. У выніку практычна поўнай адсутнасці зроку - (- 27) - выйшаў на пенсію...
Больш чым чатыры дзесяцігодцзі - з 1957-га па 2000-ы - Мікола Ермаловіч даследаваў і вывучаў старажытныя беларускія летапісы, творы, іншыя гістарычныя крыніцы.
Вынікам гэтага сталі яго асабістыя кнігі: "Дарагое беларусам імя" (1970 г), "Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды" (1990 г), “Па слядах аднаго міфа” (1989 і 1991 гады выданняў), "Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд" (1994 г.), і асабліва - "Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае" (1999 г).Яны прымусілі ўсіх нас па-новаму паглядзець на шматлікія падзеі і даты ў айчыннай гісторыі, перагледзець ацэнкі асоб многіх дзяржаўных дзеячаў старажытнай і сярэднявечнай Беларусі. Аб гэтым і не толькі гісторык сам распавядае ў прадстаўленым відэаматэрыяле.
За вялікую даследчыцкую і падзвіжніцкую дзейнасць, аб'ектыўнае вывучэнне гісторыі нашай Бацькаўшчыны ў 1992 годзе Мікалай Іванавіч Ермаловіч быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь - адным з першых у маладой суверэннай незалежнай дзяржаве. Трагічна загінуў гісторык 4 сакавіка 2000 года, трапіўшы ў Мінску пад колы машыны.