Ута Цапф: Дыялёг без ілюзій ды вялікіх чаканьняў

«Вядома, тут шмат чаго зьмянілася, але, на жаль, большасьць зьменаў — да горшага».

19.03.2007 / 11:16

Пра лявіраваньне Эўропы між уладамі й апазыцыяй у Беларусі мы размаўлялі з старшынёй працоўнай групы ПА АБСЭ і кіраўніком парлямэнцкай групы Бундэстагу «Нямеччына — Беларусь» Утай Цапф.

Першае пытаньне спадарыні Цапф мы задалі пра тое, чаго насамрэч, на ейную думку, хочуць беларускія ўлады? Ці хочуць яны пераменаў, пра якія было афіцыйна заяўлена?

— Я думаю, што яны спрабуюць зрабіць вельмі асьцярожныя крокі ў кірунку пераменаў, але яны надта ня сьмелыя ў сваіх дзеяньнях, і яны хочуць быць упэўненыя, што яны атрымаюць некаторыя перавагі за сам факт такой спробы. Складана сказаць, як далёка яны маюць намер пайсьці ў правядзеньні дэмакратычных рэформаў, зьмяненьні заканадаўства і абставінаў для працы НДА і даваньні некаторай свабоды апазыцыйна настроенай частцы грамадзтва. Што да далейшых сустрэчаў з апазыцыяй, то яны будуць рабіць штосьці. Але як далёка яны могуць прасунуцца ў рэформах, я не магу сказаць.

— Вядомыя 12 умоваў ЭЗ, пры якіх магчымае супрацоўніцтва зь Беларусьсю. У прыватнасьці, свабодныя выбары, доступ апазыцыі да СМІ, свабода інфармацыі, прафсаюзаў і няўрадавых арганізацый, празрыстая сыстэма працы судоў, вяршэнства закону, вызваленьне палітзьняволеных. Але гэтыя ўмовы не выконваюцца. Вы назвалі сам правядзеньня сэмінару «некаторым прагрэсам». Ці можна чакаць зьменаў з боку ЭЗ у дачыненьні да Беларусі?

ЭЗ выказаў жаданьне працаваць зь Беларусьсю, прапанаваў праграму інтэграцыі й падтрымкі ў межах добрасуседзтва, але ЭЗ ставіць пэўныя ўмовы. І іх беларускі бок мусіць пільнавацца або, прынамсі, рабіць нейкія крокі ў гэтым кірунку. І ўжо потым мы зможам гаварыць пра тое, якой будзе далейшая палітыка ЭЗ. Але я думаю, што гэты сэмінар — пэўнага кшталту знак таго, што парлямэнтары, урад, адміністрацыя бачаць, што яны мусяць нешта рабіць, бо яны маюць патрэбу ў сувязях з ЭЗ.

— Якія моманты дыскусіі падаліся вам самымі вострымі? Ці выявіліся невырашальныя супярэчнасьці?

— На падставе таго ці іншага цьверджаньня нельга рабіць выснову пра невырашальнасьць праблемаў. Гэта — працэс. Было цьверджаньне сп. Красуцкага, які выразна падаў пазыцыю кіраўніцтва Беларусі, у тым сэнсе, што тут усё чыста і хораша. Зь іншага боку прагучалі практычна абвінавачаньні на адрас уладаў за іх стаўленьне да апазыцыі. У той жа час абодва бакі паказалі, што гатовыя працягваць дыялёг, хочуць даведацца болей адно пра аднаго і спрабаваць размаўляць.

— Як вы ставіцеся да пазыцыі тых, хто адмовіўся ўдзельнічаць у сэмінары з матывацыяй. што за кратамі знаходзяцца апазыцыйныя палітыкі, рэпрэсіі працягваюцца, а любыя кантакты з прадстаўнікамі міжнародных арганізацый улада выкарыстоўвае для сваіх піяр‑акцый?

— Я разумею іх падазронасьць. Бо яны думаюць, што, што б мы ні рабілі, нічога не памяняецца. Я разумею гэта. Але я спадзяюся, што калі яны паразмаўляюць з удзельнікамі, яны зразумеюць, што ёсьць сэнс уступаць у працэс дыялёгу. без ілюзій ды вялікіх чаканьняў, але ён вымагае цяжкай і падчас супярэчлівай працы.

— Вы займаецеся пытаньнямі, зьвязанымі зь Беларусьсю, ужо больш за 10 гадоў, і ў вас ёсьць магчымасьць параўноўваць сытуацыю цягам усяго гэтага часу…

— Вядома, тут шмат чаго зьмянілася, але, на жаль, большасьць зьменаў — да горшага. Але мяне натхняе тое, што тут ёсьць багата мужных людзей, якія прэзэнтуюць грамадзянскую супольнасьць, і людзей, якія, можа быць, ня гэткія мужныя, але яны чакаюць дэмакратычных пераменаў.

Deutsche Welle