Дашчэнту згарэла сядзіба О’Руркаў ва Уселюбе

Але нашчадак усё адно не адмаўляецца яе купляць.

10.05.2012 / 15:29

8 мая, прыблізна, а 6-й раніцы, у былой сядзібе О’Руркаў, што ва Уселюбе Навагрудскага раёна, пачаўся пажар.

Так сядзіба О'Руркаў ва Уселюбе выглядала яшчэ да пажару. Фота Арцёма Аблажэя.

«Калі мы прыехалі, а 10-й раніцы, сядзіба яшчэ дагарала. —
расказвае дырэктар краязнаўчага музея Тамара Вяршыцкая. — Мы прыехалі туды разам з нашчадкам О’Руркаў, Алегам О’Руркам, які якраз хацеў вярнуць сабе сядзібу «.
Самая верагодная версія здарэння — у былой сядзібе ночылі бамжы, якіх напярэдадні бачылі ў вёсцы.

«У выніку ад сядзібы не засталося нічога. — кажа спадарыня Вяршыцкая. — Ёсць адна сцяна, але з ёй ужо нічога не зробіш. Да драўлянай сядзібы была прыбудавана цагляная частка, сучасная, але і ў яе згарэў дах».

Сядзіба была выстаўленая на аўкцыён, але некалькі гадоў ніхто яе не купляў. Першапачатковы кошт сядзібы складаў $10 тысяч.

Бізнэсовец Алег О’Рурк жыве ў Маскве. Ён лічыць сядзібу ва Уселюбе уласнасцю сваёй сям’і, незаконна адабранай бальшавікамі ў 1939. Таму плаціць нават дзесяць тысяч даляраў за яе нашчадак не збіраўся. «Лепей укласці іх у рэстаўрацыю», — казаў ён. Ведучы перамовы з мясцовай уладай, О’Рурк затрымаўся ў Навагрудскім раёне на дзень пазней, чым меркаваў. У той апошні дзень перабывання, па фатальным збегу абставін, сядзіба і згарэла.

«Цяпер прададуць сядзібу за адну базавую» — пракаментаваў здарэнне О’Рурк.

Ад сваіх намераў вярнуць сядзібу Алег О’Рурк не адмаўляецца і цяпер —
ён хоча цалкам адрэстаўраваць яе, вярнуць першапачатковы выгляд.

ЮУ