Кіраўнік Федэрацыі хакея: Матчы з Францыяй і Канадай праведзеныя на вельмі добрым узроўні
«Мужыкі сябе праявілі», — мяркуе Яўген Ворсін.
15.05.2012 / 16:43
Кіраўнік Федэрацыі хакея Яўген Ворсін без лішняй крытыкі ацаніў вынікі правальнага выступу зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету.
Нагадаем, прайгралі шэсць матчаў з сямі, занялі 7-е (перадапошняе) месца ў групе і 14-е на чэмпіянаце. Сёння беларусы прайгралі Канадзе з лікам 1:5, учора Францыі з лікам 1:2.
«Два апошнія матчы былі праведзеныя на вельмі добрым узроўні. Але сёння суддзі сапсавалі ўсю гульню. Пры ліку 1:1 шэраг выдаленняў, — наракае Ворсін.
— І ў канцы гэта 5-хвіліннае выдаленне зламала ўсю гульню. Гулялі сёння вельмі выдатна. Мужыкі праявілі сябе.Паказалі, што гуляць умеем, ведаем як, і канадцы таксама адчулі гэта на сябе.
Ну а вынік, зразумела, не задавальняе. Пятымі ці шостымі мы мусілі быць абавязкова».
Які, на ваш погляд, быў самы ўдалы і самы няўдалы матч у выкананні беларускай каманды?
Вельмі добра пачалі з фінамі, вельмі добра скончылі з канадцамі. Учора з французамі, у прынцыпе, таксама дамінавалі ўсю гульню, але вынік не атрымаўся. Быў выйграны матч у казахаў, хаця паводле зместу быў не вельмі добры. Як вынік гэта важна. Усё астатняе як бы эпізадычна. З тымі ж амерыканцамі. Хвалепадобная гульня на працягу адной сустрэчы характарызавала ўменне гуляць, а з іншай боку — наступаў момант, калі рабілі такія грубыя памылкі, за якія нас, натуральна, каралі.
Балельшчыкі мяркуюць, што трэнеры і кіраўніцтва федэрацыі мусяць сысці ў адстаўку. Што думаеце пра гэта?
Гэта я каментаваць зараз не буду. Мала што пішуць балельшчыкі,вось прыедзем — і будзем разбірацца. Я вам зараз каментую ход турніра. А што кажуць балельшчыкі — гэта іншае.