Інаўгурацыйны картэж Алянда спыняўся на святлафорах

Франсуа Аланд афіцыйна ўступіў на пасаду прэзідэнта Францыі.

16.05.2012 / 09:19

Цырымонія інаўгурацыі выбранага прэзідэнта адбылася ў Парыжы, паведамляюць інфармагенцтвы.

Картэж пана Аланда прыбыў да Елісейскага палаца. Па дарозе з акругі Парыжа, дзе пражываў Аланд, яго машына, нягледзячы на значнае суправаджэнне, некалькі разоў спынялася на чырвонае святло святлафораў, прапускаючы пешаходаў.

Каля будынка афіцыйнай рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы Аланда сустракалі шматлікія разявакі і прыхільнікі Нікаля Сарказі, якія прыйшлі развітацца з папярэднім прэзідэнтам і скандзіравалі «Дзякуй, Нікаля!»

Па чырвонай дарожцы Франсуа Аланд перасек парадны двор Елісейскага палаца, каля прыступак перад уваходам у будынак яго сустрэў Нікаля Сарказі. Пасля кароткага рукапаціскання яны накіраваліся ў кабінет, дзе папярэдні прэзідэнт перадаў свайму пераемніку «ядзерныя коды» і бягучыя справы.

Пасля гэтага Франсуа Аланд зайшоў у залу для ўрачыстасцей прэзідэнцкага палаца, дзе канцлер Ордэна ганаровага легіёна, генерал Жан-Луі Жаржэлен уручыў яму вялікі ланцуг гэтага ордэна — сімвал вышэйшай улады. Затым Аланд падпісаў акт аб уступленні на пасаду прэзідэнта Францыі, афіцыйна ўступіўшы на пасаду кіраўніка дзяржавы.