Палітвязні Азербайджана пачалі галадоўку напярэдадні «Еўрабачання»

У Азербайджане асуджаныя актывісты апазіцыі пачалі галадоўку з патрабаваннем свайго вызвалення.

16.05.2012 / 09:28

Пра гэта паведаміў сакратар каардынацыйнай рады грамадзянскага руху за дэмакратыю «Грамадская палата» Гюльага Асланлы.

Раней пра намер правесці акцыю галадоўкі асуджаныя праінфармавалі ў лісце, накіраваным у «Грамадскую палату». У акцыі ў розных пенітэнцыярных установах краіны бяруць удзел 12 вязняў сумлення.

Гэта сябры партыі «Мусават» Арыф Гаджылы, Турал Абаслы, Ахад Мамедлі, Руфат Гаджыбейлі, актывісты партыі Народнага фронту Азербайджана — Шахін Гасанлі, Сахіб Керымаў, Мухамед Меджыдлі, Бабек Гасанаў, Эльнур Меджыдлі, Зульфугар Эйвазлы, беспартыйныя Ульві Гуліеў і Відадзі Іскендэраў.

«Грамадская палата» збіраецца 19 мая правесці мітынг у Баку, адным з патрабаванняў якога будзе вызваленне вязняў сумлення.

Нагадаем, што 16 лістапада 2011 Amnesty International правяла ў Баку прэзентацыю даследавання «Вясна, што так і не расквітнела: свабода ў Азербайджане душыцца». Арганізацыя заявіла, што лічыць 17 чалавек, асуджаных у сувязі з акцыямі пратэсту ў Баку вясной мінулага года, вязнямі сумлення і заклікала да іх неадкладнага вызвалення. Чацвёра актывістаў з гэтага спісу ўжо вызваленыя. Такім чынам, у зняволенні застаюцца 13 вязняў сумлення.

Яны адбываюць розныя тэрміны турэмнага пакарання — ад 1,5 да 3 гадоў па абвінавачанні ў «парушэнні грамадскага парадку», «аказанні супраціву паліцыі», «нанясенні шкоды чужой маёмасці», «незаконным захоўванні боепрыпасаў», «ухіленні ад службы ў войску», «незаконным умяшанні ў выбарчы працэс» і інш.

23 студзеня ініцыятары кампаніі «Спявай для дэмакратыі» з мэтай прыцягнуць увагу да праблем з правамі чалавека ў краіне напярэдадні «Еўрабачання-2012» заявілі пра намер звярнуцца да акцый пратэсту, калі ўлады не прымуць мераў па рашэнні гэтых праблем. 20 красавіка ўдзельнікі кампаніі запісалі відэазварот да выканаўцаў конкурсу. На відэа прадстаўленыя фота 14 вязняў сумлення, асуджаных за ўдзел у мітынгах, якія адбыліся вясной 2011 года, і ўтрымліваецца заклік да вызвалення 70 палітвязняў.

Улады краіны адпрэчваюць наяўнасць у Азербайджане арыштаваных паводле палітычных матываў.