Чаму мужчына падпаліў сябе і Audi сваёй сужыцелькі?

Каментар УУС.

16.05.2012 / 10:33

Выпадак, які адбыўся ў мінулую суботу, выклікаў вялікі рэзананс у Слоніме і краіне ў цэлым. Мужчына выйшаў на двор і паспрабаваў здзейсніць самаспаленне. Ён абліў сябе гаручай вадкасцю і падпаліў. Таксама адбылося загаранне аўтамабіля Audi A4, які стаяў побач. У матывах жыхара Слоніма паспрабавалі разабрацца супрацоўнікі прэс-службы УУС Гродзенскай вобласці.

«45-гадовы мужчына падчас сваркі з сужыцелькай страціў кантроль над сабой і наважыўся на гэты ўчынак, у выніку чаго са шматлікімі апёкамі апынуўся ў бальніцы, — паведамілі ў міліцыі. — Цяпер за яго жыццё змагаюцца дактары. Усё пачалося з таго, што слонімец прыйшоў дадому злёгку выпіўшы. Гэты факт паслужыў падставай для канфлікту, падчас якога разгарачаны мужчына паабяцаў спаліць сябе і аўтамабіль сужыцелькі, пасля чаго выйшаў з дома».

«Праз пару хвілін жанчына ўбачыла, што з яе транспартнага сродку ідзе дым, — расказалі ва УУС. — Пажар узнік праз тое, што ўдзельнік сваркі абліў сябе і салон машыны растваральнікам і шоргнуў запалкай. Калі на месца прыбылі выратавальнікі, агонь моцна распаўсюдзіўся. Прадухілілі спробу суіцыду суседзі. А аўтамабіль згарэў практычна цалкам. Варта дадаць, што сям’я на якім-кольвек спецыяльным уліку не стаяла. Нічога дрэннага пра іх не могуць сказаць і людзі, якія жывуць па суседстве».

Пацярпелы з дыягназам «тэрмічны апёк 2–3 ступені галавы, шыі, рук, тулава, пярэдняй паверхні абодвух сцёгнаў (70% цела), апёкавы шок» дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы. Дактары расцэньваюць яго стан як вельмі цяжкі.