Паліцыя разагнала лагер апазіцыі на Чыстых прудах у Маскве
Затрыманыя 20 чалавек. Апазіцыя мае намер заснаваць лагер у іншым месцы.
16.05.2012 / 11:48
Раніцай у сераду супрацоўнікі расійскай паліцыі ачысцілі лагер апазіцыі на Чыстых прудах, вядомы як «АкупайАбай». Паведамляецца, што затрымана каля 20 чалавек.
Паводле словаў аднаго з лідараў апазіцыі Іллі Яшына, на Чыстых прудах ноччу было каля 100 чалавек.
Днём у аўторак Басманны суд Масквы пастанавіў ліквідаваць лагер апазіцыі, які знаходзіцца там з 8 мая.
«Паліцыя ўжывала сілу і расцягвалі людзей па аўтазаках. Спецсродкі не ўжываліся, бо людзі не аказвалі ніякага супраціву, ды і дзіўна было б яго чакаць ад тых, хто спаў і каго фактычна выцягвалі са спальных мяшкоў», — распавёў Яшын.
Апазіцыя мае намер стварыць новы лагер.Спачатку гаворка ішла аб Трубнай плошчы, але, як распавёў Ілля Яшын і пацвердзіла ў сваім мікраблогу Twitter тэлевядучая Ксенія Сабчак, туды ўжо сцягнутыя сілы паліцыі.
Цяпер актывісты спрабуюць сабрацца на Кудрынскай плошчы,каля жылога гмаху на станцыі метро «Барыкадная». Зараз там знаходзіцца каля 60 чалавек.