«Крэдэксбанк» рыхтуе абвяржэнне інфармацыі Мінфіна ЗША

23.05.2012 / 14:05

ЗАТ «Крэдэксбанк» рыхтуе афіцыйнае абвяржэнне наконт абвінавачанняў, што прагучалі ў яго адрас з боку Міністэрства фінансаў ЗША.

Як паведаміў журналістам гендырэктар «Крэдэксбанка» Аляксандр Аксяневіч, «Крэдэксбанк» кансультуецца з Нацбанкам Беларусі наконт «працэдуры кантактаў з Мінфінам ЗША» ў мэтах абвяржэння апублікаваных звестак.

Нагадаем, 22 мая Міністэрства фінансаў ЗША апублікавала прэс-рэліз, у якім «Крэдэксбанк» названы фінансавым інстытутам, які «выклікае сур’ёзную заклапочанасць адмываннем грошай».

У Мінфіна «ёсць падставы меркаваць, што „Крэдэкс“ удзельнічаў у вялікіх аб’ёмах транзакцый, якія ідэнтыфікуюцца як адмыванне грошай ад імя падстаўных карпарацый». Акрамя таго, ЗША сумняваюцца ў празрыстасці ўладальнікаў банка (Vicpart Holding SA, Швейцарыя).

«Напрыклад, — гаворыцца ў прэс-рэлізе, — згодна з інфармацыяй, атрыманай урадам ЗША за двухмесячны перыяд 2010 года,

„Крэдэкс“ перавёў больш чым 1 млрд. долараў сотням падстаўных кампаній, якія знаходзяцца ў розных юрысдыкцыях, што склала істотны аб’ём грашовых пераводаў для банка памерам „Крэдэкса“.
І хаця кліенты „Крэдэкса“ за названы перыяд у асноўным адпраўлялі грошы з рахункаў, не было адзначана адпаведнага прытоку грашовых сродкаў, якія звычайна маюць месца пры легальнай дзейнасці банка».

Як патлумачыў намеснік міністра па барацьбе з тэрарызмам і фінансавай разведцы Дэвід Коэн, «гэтае рашэнне накіравана на абарону фінансавай сістэмы ЗША ад замежнага банка, чыя вельмі падазроная структура здзелак і поўная адсутнасць транспарэнтнасці фактычна не дазваляюць устанавіць, ці легальнай дзейнасцю займаецца банк».

«Відавочнае невыкарыстанне „Крэдэксам“ механізмаў і працэдур па процідзеянні адмыванню грошай ставіць пад пагрозу фінансавыя інстытуты ЗША», — падкрэсліў Дэвід Коэн.

Мінфін рэкамендуе фінансавым інстытутам ЗША прыняць гэтую інфармацыю да ведама, бо аперацыі з гэтым банкам могуць суправаджацца высокай рызыкай.

Паводле інфармацыі ўладаў ЗША, уласнікам банка з’яўляецца швейцарскі інвестыцыйны холдынг VICPART HOLDING SA (зарэгістраваны ў Фрыбуры), які не мае іншых актываў. Старшынёй назіральнага савета «Крэдэксбанка» з’яўляецца Саркіс Сімаваран, прадстаўнік VICPART HOLDING SA.

Згодна з інфармацыяй на сайце «Крэдэксбанка», на 30 лістапада 2011 года ў банка было больш чым 400 кліентаў, а статутны фонд складаў 150 млрд. 393 млн. 985 тыс. 500 рублёў. VICPART HOLDING SA належыць 98,82% акцый «Крэдэксбанка». Бенефіцыярным уладальнікам выступае нехта Michel Haessig. Яшчэ 1,18% акцый знаходзіцца ва ўласнасці ЗТАА «СЭНТЭКІНВЕСТ».

Гісторыя дзейнасці ЗАТ «Крэдэксбанк» у Беларусі такая. У 2001 годзе ў свабоднай эканамічнай зоне «Мінск» быў зарэгістраваны «Паўночны інвестыцыйны банк». Пазней у «Паўночны інвестыцыйны банк» прыйшоў новы акцыянер — той самы VICPART HOLDING SA, і ў лютым 2007 года была зарэгістраваная новая назва банка — ЗАТ «Крэдэксбанк».

«Намі было прынята рашэнне аб набыцці кампаніяй VICPART HOLDING S.A. у асноўнага акцыянера «Паўночнага інвестыцыйнага банка» 97-працэнтнага пакета акцый. Так банк стаў швейцарскім, атрымаўшы новае імя — «Крэдэксбанк», — паведаміў журналістам у 2011 годзе Сімаваран.