Інтэрнэт уратаваў беларушчыну?

Колісь у мяне была мара: сабраць усіх нацыянальна свядомых, маладых, шчырых, працавітых у адным месцы. Засяліць які-небудзь Чачэрск ці Рагачоў.

24.05.2012 / 11:10

Назіраецца тэндэнцыя да змяншэння ўжывання яе ў паўсядзённым жыцці. Апошні перапіс насельніцтва гэта паказаў. Цікава, а што паказаў бы перапіс насельніцтва, калі б пытанне ставілася пра мову, якую мы ўжываем у віртуальным жыцці?

Беларусам быць проста

На такую думку мяне наштурхнуў аповед майго сябра. Ён працуе выкладчыкам у вясковай школе. Дык

ягоныя вучні неяк сказалі: «А найбольш беларускамоўных — „У кантакце“!» Сапраўды, праглядаючы сваю стужку навінаў, лаўлю сябе на думцы, што расейская там — яўна мова нацыянальнай меншасці.
Дзясяткі артыкулаў на беларускай мове, прысвечаных Беларусі і не толькі, сотні разнастайных перапошчаных песняў, безліч кліпаў маладых і не вельмі выканаўцаў.
Растуць шматлікія суполкі прыхільнікаў беларушчыны. Інтэрнэт прарывае блакаду, раскрывае неверагодныя магчымасці для стасункаў, абмену інфармацыяй. Яшчэ нейкіх дзесяць гадоў таму я прыязджаў у Мінск спецыяльна ў пошуках навінак беларускай музыкі ці літаратуры. Сёння гэта ўсё тут — пад бокам. Беларусам быць проста як ніколі.

Яскравы паказчык — беларуская Вікіпедыя. Абодва варыянты беларускай вікі (тарашкевіцай і наркамаўкай) маюць больш за сорак тысячаў артыкулаў кожная. Ці шмат гэта? Латышская вікі мае прыкладна столькі ж.

Энтузіясты цягнуць на сабе тое, што адмаўляецца цягнуць дзяржава.
Перакладаюць на мову софт, гульні, ствараюць безліч сайтаў.

Маладыя ды крэатыўныя «Будзьма» ды «34mag.net» — сёння твар беларускай альтэрнатыўнай культуры.

На мову перакладаюцца фільмы. Цяпер толькі лянівы не знойдзе такія ў інтэрнэце. Не кажу ўжо пра музыку:

нічога не каштуе сесці і пад гітару на дыктафон найграць нешта, пра што душа пяе.
Шматлікія перакладчыкі дазваляюць лёгка вучыцца па-беларуску на любой спецыяльнасці. Праверана на ўласным досведзе.
Знайсці беларускамоўных сяброў ці, прынамсі, людзей, што таксама шукаюць кампанію для першага кроку, — таксама не праблема нават у мястэчку.

Літаральна за апошнія паўгода паўстала безліч старонак «У кантакце», прысвечаных гумару па-беларуску, і гэты шэраг можна падаўжаць, бо за час напісання гэтага матэрыялу з’явіўся з дзясятак падобных.

Беларускае пакаленне NEXT

Існуе меркаванне, што апошнімі адраджэнцамі было «пакаленне last» — людзі, якім цяпер за 30. Нібыта яны, глытнуўшыя свабоды і адкрытай беларусізацыі пачатку 90-х, — апошнія носьбіты ідэі беларушчыны. Цяпер большасць з іх не фармуе сучасны цуд, другое, я б сказаў, Адраджэнне — інтэрнэт-адраджэнне. Яны займаюцца сем’ямі, працуюць на сур’ёзных працах, а моладзь крэатывіць штодня і некалькімі клікамі мышкі дзеліцца сваім крэатывам з сусветам. Відэа, аўдыё, фота — цяпер мала хто не лічыць сябе фотааматарам ці аператарам-пачаткоўцам. Усе авалодалі фаташопам і бамбяць дэматыватары і іншыя штуковіны.

І гэта натхняе. Ствараецца ўражанне, што ўсё навокал беларускае, роднае.

Мы стасуемся і жывем у сваім беларускім свеце.
Колісь у мяне была дзіўная мара, што з’явілася ў нейкай ступені ад разгубленасці — сабраць усіх нацыянальна свядомых, маладых, шчырых, працавітых у адным месцы. Засяліць які-небудзь слынны горад накшталт Чачэрска ці Рагачова (для пачатку) і будаваць там сваю маленькую беларускую Беларусь.
Інтэрнэт дае магчымасць быць побач на адлегласці. Размаўляць, падтрымліваць адно аднаго, будаваць гэтую Краіну ўжо цяпер.
Праблемы з канцэртамі? Новыя альбомы выкладаюцца ў інтэрнэце ў вольнае карыстанне. Не друкуюць кнігі — у віртуальнай прасторы ствараюцца цэлыя інтэрнэт-бібліятэкі!
Але тут трэба мець на ўвазе, што тое самае адбываецца і з псеўдакультурай і з іншымі сацыяльнымі з’явамі: яны робяцца дасяжнымі і насаджаюцца з усіх бакоў.
Таму адраджэнцам інтэрнэт-пакалення трэба быць крэатыўнымі, каб прыцягваць на свае бакі масы, рабіць мову моднай, вясёлай, цікавай, быць дзёрзкімі і напорыстымі — гэта крок нумар два, бо свой святы абавязак і крок нумар адзін — захаваць агмень Адраджэння дзевяностых у наш складаны час — яны ўжо выканалі.