Памёр бацька кіраўніка Нацбанка Надзеі Ермаковай
Андрэю Іосіфавічу ішоў дзявяты дзясятак.
24.05.2012 / 11:44
Са спачуваннямі старшыні праўлення Нацбанка Беларусі Надзеі Ермаковай выйшла сёння «Советская Белоруссия».
«Мой тата ўсё жыццё змагаўся з несправядлівасцю, і я такая — змагаюся з несправядлівасцю ў сілу сваіх магчымасцяў», — так ахарактарызавала бацьку Надзея Ермакова ў адным з інтэрв’ю.
Андрэй Іосіфавіч быў ужо ў паважаным узросце, каб патрапляць у аб’ектывы камер. І таму пра яго вядома мала: тое, што сама расказвала дачка. У трохгадовым узросце Андрэй Іосіфавіч застаўся без бацькоў. У 16-17 гадоў пайшоў на вайну.
«Ён на ўсе рукі майстар. Мае бацькі былі здатныя да вучобы, але не было магчымасці вучыцца…У яго [таты] ніколі не было выхадных, хіба што пару дзён на год, каб з’ездзіць да сваякоў.
Ён працаваў зваршчыкам, кавалём, слесарам.Мамін бацька навучыў яго працаваць з дрэвам — стаў сталяром, цесляром. Зрубаў хаты, лазні. Наш дом у Хоцінску тата паставіў разам з дзедам», — у іншым інтэрв’ю расказвала пра яго Надзея Ермакова.