У кінатэатры «Ракета» адкрылася зала для прагляду арт-хаўса

Blu-Ray і крэслы-мяшкі ў дадатак.

24.05.2012 / 12:37

Новая зала запрацавала яшчэ ў мінулыя выходныя, але толькі сёння будаўнікі завяршылі ўстаноўку крэслаў. Тут усяго 46 месцаў, затое, як кажуць спецыялісты, створаныя найлепшыя ў горадзе ўмовы для камфортнага прагляду кіно.

Арт-хаўс пераехаў у «Ракету» (завулак Рабочы, 3) з «Цэнтра відэа».

Як паведаміў кіраўнік праекта Cinemascope Георгій Глік, рэпертуар будзе складацца з класікі сусветнага кіно, а таксама сучасных фільмаў катэгорыі арт-хаўс.

— Прыхільнікам некамерцыйнага кіно будуць прапанаваныя вельмі камфортныя ўмовы для інтэлектуальнага вольнага часу: невялікая зала ў шэра-блакітных тонах, мяккія канапы і арыгінальныя крэслы-мяшкі, — цытуе спецыяліста агенцтва «Мінск-Навіны». — Паказваць кіно будзе новы японскі відэапраектар, здольны прайграваць не толькі HD-DVD-дыскі, але і Blu-Ray, што забяспечыць выдатную якасць выявы.

Па сутнасці, сёння гэта адзінае месца ў Мінску, дзе можна паглядзець якаснае кіно. Адзін нюанс — размешчанае яно далёка не ў цэнтры. Генеральны дырэктар УП «Кінавідэапракат» Васіль Коктыш, зрэшты, праблемы тут не бачыць. «„Ракета“ не такі ўжо дрэнны кінатэатр па месцазнаходжанні. Там 7 хвілін ісці да метро», — заявіў ён.