Былы міліцыянт апранаўся ў форму і вымагаў грошы
Цікавы выпадак адбыўся ў Мінску.
24.05.2012 / 13:07
У Мінску Савецкім раённым аддзелам Следчага камітэта Беларусі распачата справа па арт. 382 КК (самавольнае прысваенне ўлады службовай асобы) у дачыненні да
Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Мінску Аляксандр Герасімаў, раніцай 22 мая падазроны, знаходзячыся ў форменным абмундзіраванні падпалкоўніка міліцыі, у адным з двароў па вуліцы Куйбышава, назваўшыся супрацоўнікам органаў унутраных спраў, запатрабаваў і атрымаў ад грамадзян 35 тысяч рублёў. Пацярпелыя паведамілі пра дзеянні «сумніўнага» міліцыянера па тэлефоне даверу МУС, пасля чаго ён быў затрыманы і памешчаны ў ІЧУ.
Падчас расследавання гэтага факту высветлілася, што затрыманы дачынення да органаў унутраных спраў не мае, законнага права на нашэнне форменнага абмундзіравання ў яго няма, як і паўнамоцтваў выконваць абавязкі службовай асобы.
Паводле слоў Аляксандра Герасімава, грошы лжэміліцыянер атрымаў ад кампаніі, што выпівала на лаўцы ў двары. Ім ён прыгразіў тым, што выкліча міліцыю. А тыя прапанавалі ўрэгуляваць канфлікт на месцы. Запатрабаваных «падпалкоўнікам міліцыі» 100 тысяч рублёў у адпачывальнікаў не знайшлося, і ён абмежаваўся 35 тысячамі.
Падазрэнне ў тым, што з імі размаўляў не міліцыянер, у кампаніі ўзніклі пасля таго, як ён адышоў да іншай лаўкі і стаў выпіваць сам. Убачыўшы гэта, ахвяры махлярства звярнуліся ў міліцыю.
Падчас разбору высветлілася, што лжэміліцыянер калісьці заканчваў Акадэмію МУС, але затым быў звольнены з органаў унутраных спраў па дыскрэдытуючых падставах.
Не выключана, што ў дачыненні да затрыманага можа быць распачата крымінальная справа яшчэ і за махлярства або вымагальніцтва.