Мясніковіч паляціць у Ашхабад

24.05.2012 / 13:26

Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч прыме ўдзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў краін СНД 30 мая ў Ашхабадзе.
Аб гэтым паведаміў сёння на брыфінгу начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

У парадку дня пасяджэння 30 пытанняў. Кіраўнікі ўрадаў разгледзяць канцэпцыю лібералізацыі рынку фінансавых паслуг дзяржаў СНД. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена падрыхтоўцы пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне інтэграванага валютнага рынку.

Плануецца прыняцце стратэгіі развіцця фізічнай культуры і спорту да 2020 года і пагаднення аб савеце па турызму. Прэм’ер-міністры краін СНД таксама зацвердзяць план мерапрыемстваў на 2012–2013 гады па рэалізацыі стратэгіі міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва.

Праграма знаходжання Міхаіла Мясніковіча ў Ашхабадзе прадугледжвае правядзенне шэрагу двухбаковых сустрэч. Мяркуецца таксама, што прэм’ер-міністр Беларусі будзе прыняты прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым.