Пасольства Беларусі ў Польшчы асудзіла фільм TVN пра выбух ў мінскім метро

24.05.2012 / 13:59

Беларускае пасольства ў Польшчы «рашуча асудзіла» дэманстрацыю польскім тэлеканалам TVN у праграме Superwizjer фільма «Як выглядае справядлівасць у Беларусі», прысвечанага выбуху ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года. Фільм, падрыхтаваны карэспандэнтамі TVN, быў паказаны 8 мая.

У каментарыі, размешчаным на сайце пасольства 22 мая, адзначаецца: пададзеная ў фільме інфармацыя з’яўляецца «катастрафічнай маніпуляцыяй» і «не мае нічога агульнага з рэальнасцю».

Пасольства «рашуча асуджае» пазіцыю аўтараў фільма, якія сталі «на абарону тэрарыстаў, асуджаных за выбух у метро Мінска».

«Хаця віна тэрарыстаў была даказана поўнасцю, Superwizjer, на жаль, не бачыць відавочных фактаў і расказвае пра нейкія тэорыі змовы, не маючы ніякіх доказаў. Пры гэтым стваральнікі фільма наўмысна ўхіліліся ад дакладных доказаў віны тэрарыстаў, спасылаючыся на каментарыі людзей, чые веды ў гэтай справе вельмі сумнеўныя», — сказана ў каментарыі.

Дыппрадстаўніцтва Беларусі рэкамендуе тэлеканалу TVN «у імя свабоды слова» прадэманстраваць у сваім эфіры фільм беларускіх карэспандэнтаў АТН «Метро». «Мы спадзяемся, што прынцыпы свабоды слова і плюралізму прымусяць журналістаў TVN арганізаваць паказ фільма „Метро“ і расказаць польскаму народу ўсю праўду пра гэтую трагедыю», — гаворыцца ў каментарыі.

Фільм «Метро» выкладзены на сайце пасольства.