Deep Purple — Smoke on the Water
40 гадоў таму выйшаў легендарны альбом Machine Head.
26.05.2012 / 00:10
У 1971 годзе гурт «Deep Purple» прыехаў у Швейцарыю, каб запісаць новы альбом у комплексе казіно горада Мантро. Аднак, напрэдадні першай сесіі запісу ў павільёне мусіў адбыцца апошні канцэрт сезону — выступаў Фрэнк Запа і «Mothers of Inventions». Прыкладна праз гадзіну пасля пачатку канцэрта нехта з залы стрэліў у дах з ракетніцы і пачаўся пажар. Казіно згарэла, а разам з ім у «пёрплаў» знікла магчымасць запісаць альбом.
Smoke On The Water
Тым не менш, новае месца знайшлося — тэатр «Павільён» у самым цэнтры горада. У першы ж дзень гурт узяўся запісваць гітарны рыф Блэкмара, які пасля стаў легендарнай песня пра «дым над вадой». Аднак, запіс адбываўся ноччу, і калі гурт скончыў трэці дубль (прызнаны ўдалым), высветлілася, што ўвесь персанал пагалоўна стрымлівае за дзвярыма паліцыю, якая прыехала па выкліках мясцовых жыхароў, якія не ацанілі творчасць англійскіх рокераў пасля першай гадзіны ночы.
Highway Star
Пакуль шукалі новую студыю, Роджэр Гловер у сне паспеў прыдумаць радок «дым над вадой», якую гурт забракаваў, бо надта ўжо наркатычна гучыць такое словаспалучэнне, а гурт «Deep Purple» з усіх «допінгаў» любіў алкаголь.
Месца ў выніку знайшлося — амаль пусты «Гранд-атэль», дзе і запісвалі альбом — бубны ў калідоры, астатняе — у адгарожаным матрасамі холе. Умовы неверагодна экстрэмальныя. А ў выніку напісалася песня, якая расказвала ўсю гісторыю гэтага запісу — тая самая легендарная «Smoke on the Water». А дым у ёй — той самы, што віўся над возерам пасля пажару ў казіно.
Ёсць яшчэ адна, не менш цікавая легенда. У той самы час у «Гранд-атэлі» жыў Уладзімір Набокаў, які стварыў у сваім нумары сапраўдную рэзідэнцыю і жыў у ім стала. Але ці паўплываў будучы «Machine Head» на творчасць пісьменніка — гісторыя не расказвае.
Space Truckin’
У выніку «Deep Purple» запісалі свой самы вядомы студыйны альбом, у якім апроч дыму можна пачуць і «Highway Star», і «Space Truckin’» і… карацей, тут можна пералічыць усе песні кружэлкі. А пасля ў туры па матывах альбома быў запісаны самы вядомы канцэртнік «Made in Japan», які лічыцца ледзь не вяршыняй творчасці «DP». Што яшчэ раз даказвае, што часам працаваць у экстрэмальных умовах вельмі нават карысна, асабліва ў Швейцарыі.