Шашысты зрабілі свой выбар

Нашы Шашкі

У сярэдзіне лютага прайшло галасаваньне чальцоў Беларускай фэдэрацыі шашак: выбіраліся «Найлепшы судзьдзя», «Спартовец-адкрыцьцё», «Найлепшы спартовец», «Найлепшы трэнэр», «Журналіст 2005 году». Кандыдатура Кірылы Хайнюка была вылучана выканкамам БФШ у судзейскай і трэнэрскай намінацыях. У першай сп. Хайнюк абышоў сваіх «канкурэнтаў», тытуляваных Віталя Варушылу і Аляксандра Шабаліна.

11.03.2006 / 21:43

«У матэрыяльным пляне гэта нічога не дае, але прыемна, калі калегі за цябе галасуюць», — прызнаўся ляўрэат у інтэрвію «НН». Гэты малады чалавек, леташні «трэнэр году», мае нацыянальную катэгорыю і судзіць амаль усе сталічныя спаборніцтвы. Часьцяком — на грамадзкіх пачатках.

Іншымі бела-чорнымі героямі былі абраныя Марына Разаева — чэмпіёнка краіны па рускіх і міжнародных шашках («адкрыцьцё году»), Андрэй Валюк — чэмпіён сьвету па шашках-64 («найлепшы спартовец»), Сяргей Насевіч — настаўнік вундэркінда Ігара Міхальчанкі («найлепшы трэнэр») і... рэдакцыя спартовых праграм АНТ (калектыўны «журналіст, адданы шашачнай тэматыцы»). Усе яны атрымалі дыплёмы БФШ.

ВР