Камсамольскае возера — гэта вам парк, а не зона масавага адпачынку

Напэўна, не зусім прыстойна распранацца і загараць у гарадскім парку», мяркуе чыноўніца.

28.05.2012 / 16:53

Усе пляжы беларускай сталіцы замацаваныя за адміністрацыйнымі раёнамі, нагадала 28 мая на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік аддзела ўтрымання і добраўпарадкавання аб’ектаў зялёнай гаспадаркі УП «Мінскзеленбуд» Анжаліка Пузанкова. Паводле яе слоў, усе гарадскія пляжы прыведзены ў належны санітарны стан — адрамантавана і пафарбавана абсталяванне, абуладкаваны дзіцячыя спортпляцоўкі — і 25 мая прыняты камісіяй да эксплуатацыі.

Рэканструяваныя пляжы ў Драздах, завяршаюцца работы на Цнянскім вадасховішчы. У той жа час, адзначыла Пузанкова, вельмі шмат паступае пытанняў наконт Камсамольскага возера. «Там няма афіцыйнай зоны адпачынку, — патлумачыла яна, — гэта тэрыторыя парку Перамогі, дзе ёсць раздзяленне на „ціхую“ зону, спартыўную, ёсць там і зона рэкрэацыі каля вады. Але яна не з’яўляецца зонай масавага адпачынку — напэўна, не зусім прыстойна распранацца і класціся загараць у гарадскім парку».