Прэзыдэнт азьвярэў ад спартанцаў
Фільм Зака Снайдэра “300 спартанцаў”
Гераічны амэрыканскі комікс выклікаў захапленьне ў Эўропе і раздражненьне па-за ейнымі межамі.
23.03.2007 / 12:51
ЗША, 2006, каляровы, 117 хв.
Рэжысэр: Зак Снайдэр
Ролі выконваюць: Джэрард Батлер, Лена Гэдзі, Дамінік Ўэст, Вінсэнт Рэган, Міхаэль Фасбэндэр, Эндру Плівін
Жанр: Эпічны комікс паводле твору Фрэнка Мілера "Frank Miller's 300"
Адзнака: 7 (з 10)
Прэзыдэнт выказаў рэзкае раздражненьне амэрыканскай стужкай “300 спартанцаў”.
Іранскага кіраўніка Ахмадзінежада зразумець можна.
Калі пэрсы ў фільме паказаныя пякельнымі пачварамі, а з экрану гучаць заклікі да свабоды й дэмакратыі, быццам запісаныя ў Генэральным штабе Злучаных Штатаў наконадні ўварваньня ў Ірак, то варта затурбавацца.
Але гаворка ў стужцы “300 спартанцаў” ідзе пра вельмі старую вайну.
У 480 годзе да нашай эры Пэрсыдзкая імпэрыя напала на Грэцыю. 300 спартанцаў у Тэрмапільскай цясьніне стрымлівалі аграмадную армію цара Ксэркса. Супраціў працягваўся, пакуль здраднік Эфіальт не правёў пэрсаў у тыл абароны. Усе спартанцы на чале з царом Леанідам загінулі, але гераічны спартанскі чын стаўся пачаткам вызваленьня Грэцыі ад захопнікаў.
Карціну пра былыя падзеі вельмі цёпла прынялі сучасныя нашчадкі спартанцаў. Як сказала прадстаўніца губэрніі Лаконія Бэці Каліаку, “фільм адрынуў усе чуткі і паказаў Спарту ва ўсёй ейнай велічы”.
У Эўропе й Злучаных штатах карціна пабівае рэкорды. Квіткі раскупленыя, залі поўняцца нават раніцай; толькі ў адным атэнскім мультыплексе на “300 спартанцаў” зарэзэрвавана 10 тысяч месцаў, а ў менскіх кінатэатрах немагчыма патрапіць на сэанс.
Дарадца іранскага прэзыдэнта па справах культуры назваў стужку “часткай амэрыканскай псыхалягічнай вайны супраць іранскай культуры.”
“Пасьля Ісламскай рэвалюцыі ў Іране Галівуд і ўлады ЗША пачалі вывучаць праблему атакі на іранскую культуру… Безумоўна, гэты фільм зьяўляецца прадуктам дадзеных дасьледаваньняў,” – заявіў іранскі дарадца.
Да пратэстаў далучыліся й гісторыкі. Так дацэнт Таронтскага ўнівэрсытэту Эфраім Літл падкрэсьлівае, што спартанцы жылі ў дзяржаве сацыяльна-расавага апартэіду й гартаваліся, палюючы на рабоў. Ён лічыць непрымальным, што спартанцы паказаныя ў фільме занадта маральнымі – дый, увогуле, невядома, колькі ваяроў было ў Тэрмапільскай цясьніне.
Але гісторык не ўзгадвае, што ў стужцы шчэ дзейнічаюць тролі, аграмадныя насарогі, магі, узброненыя бомбамі, і каты з клюшнямі замест рук.
Фільм – экранізацыя коміксу Фрэнка Мілера, бацькі “Рабакопу” й “Гораду грахоў”. Адпаведна коміксу – падкрэсьленая ўмоўнасьць колераў і герояў: шэрае неба, чырвоныя накідкі, счарнелы воўк, кроплі крыві ў рапідзе – і цялесныя дэталі скуры. Хрумст чырвонага яблыка перагукаецца са стогнамі захопнікаў, адсечаная галава ўзьлятае у паветра, на пэрсыдзкім бізуне можна разглядзець кожны вузельчык. (Рэжысэр Зак Снайдэр не дарма вучыўся на рэмэйку “Досьвіткі мерцьвякоў”).
Спартанцы-ваяры ў фільме – манумэнтальна-станоўчыя, пэрсы-ворагі – звыродлівыя, стракатыя, расьпешчаныя незвычайнымі сэксуальнымі асалодамі.
Цар Леанід абараняе свабоду (і сваю гетэрасэксуальнасьць), цар Ксэркс – разбудоўвае імпэрыю і патурае жаданьням (абодва пункты выклікалі ў Іране шок: у іранскай гістарычнай міталёгіі Ксэркс - як для беларусаў Усяслаў Чарадзей).
Экранны Ксэркс гаворыць, што зьнішчыць памяць пра спартанцаў, залье крывёю іхнюю радзіму й выкараніць нават думкі пра супраціў.
Але падчас грэка-пэрсыдзкіх войнаў азіяцкая армія была разьбітая і Эўрапа засталася Эўропай. Карціна “300 спартанцаў” прапануе новы эпас – на падставе коміксу. Гэты эпас умоўны, натуралістычны, прымітыўна-плякатны, узброены кампутарнымі тэхналёгіямі й зразумелы самай шырокай аўдыторыі.
Пазалочаны й утыканы пірсынгам Ксэркс пацярпеў паразу.
Прынамсі, кіно выіграла.
Фота з сайту.
Сэансы ў кінатэатрах ”Аўрора”, “Берасьце”, “Масква”, “Кастрычнік”