Запаленая свечка ўчыніла пажар у мінскай кватэры
04.06.2012 / 10:11
Раніцай 3 чэрвеня гаспадыня кватэры па вуліцы Ясеніна ў Мінску, сястра міласэрнасці аднаго са сталічных сабораў, пакінула на лядоўні запаленую свечку і пайшла на працу.Неўзабаве ад свечкі загарэлася лядоўня, пакой стала напаўняцца з'едлівым дымам. Сітуацыю пагаршала тое, што стала плавіцца і пластыкавая падвесная столь пакоя. У гэты час у кватэры знаходзіліся дзеці гаспадыні: хлопчык 1999 нараджэння і дзяўчынка 1997 нараджэння. Яна і выклікала пажарных.
Прыбылыя на месца падраздзялення МНС па трохкаленнай лесвіцы эвакуявалі з кватэры дзяцей. Тых агледзелі лекары хуткай дапамогі, у шпіталізацыі неабходнасці не было. Эвакуацыю жыхароў з суседніх кватэр было вырашана не праводзіць, бо дым не пайшоў па пад'ездзе. Пажар работнікі МНС аператыўна патушылі.