У Рагачоўскім раёне згарэў цэх па перапрацоўцы шын

04.06.2012 / 11:31

Каля пасёлка Сверкаў Рагачоўскага раёна згарэў цэх па перапрацоўцы шын, размешчаны на тэрыторыі прадпрыемства «Рагачоўаграхімсэрвіс».

Як паведамілі ў прэс-службе Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС, пажар здарыўся 1 чэрвеня. Загарэліся дах цэха па перапрацоўцы шын і складзеныя вакол будынка старыя аўтамабільныя пакрышкі.

Пажар быў лакалізаваны ў 15.09, ліквідаваны — у 16.10. Пацярпелых няма.
Агнём пашкоджаны бітумны дах цэха, аўтамабільныя пакрышкі на плошчы 200 квадратных метраў. Адбылося абрушэнне даху плошчай 200 квадратных метраў і цаглянай сцяны на плошчы 50 квадратных метраў.

У будынку цэха знішчаны станок і транспарцёрная стужка. Ад абрушэння канструкцый парушана цэласнасць трох сцен. Работнікамі прадпрыемства і МНС пры дапамозе пагрузчыка «Амкадор» усе сцены былі разбураны.

Як мяркуюць, прычыны пажару — парушэнне тэхналагічнага рэгламенту правядзення работ (перагрэў рэжучых элементаў станка ўтылізацыі шын). Матэрыяльны ўрон устанаўліваецца.