Міжнародная канферэнцыя працы ў Жэневе абмяркуе сітуацыю ў Беларусі

04.06.2012 / 11:33

Сітуацыя з выкананнем правоў прафсаюзаў у Беларусі будзе разгледжана камітэтам па нормах і стандартах Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).

Пасяджэнне камітэта адбудзецца падчас штогадовай Міжнароднай канферэнцыі працы — кіруючага органа МАП, якая адкрываецца ў Жэневе. Як паведаміў старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук, факты парушэння правоў прафсаюзаў і актывістаў будуць абнародаваны падчас разгляду беларускага пытання.

У іх ліку ён адзначыў нерэгістрацыю пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза на РУВП «Граніт», звальненне яе кіраўніка Алега Стахаевіча і жонкі аднаго з прафсаюзных актывістаў Людмілы Літвінкі. Лідар БКДП указаў на выпадкі націску, які аказваецца на членаў незалежных прафсаюзаў на розных беларускіх прадпрыемствах.

Паводле слоў Ярашука, усё гэта можна кваліфікаваць «як чарговае абвастрэнне сітуацыі з правамі прафсаюзаў». «Улада прэвентыўна спрабуе адгарадзіць сябе ад магчымых праблем з рабочымі з-засацыяльна-эканамічнай сітуацыі, не даючы рабочым магчымасці аб’яднацца для адстойвання сваіх інтарэсаў», — заявіў лідар БКДП.

У пасяджэнні камітэта па нормах і стандартах МАП традыцыйна бяруць удзел прадстаўнікі трох груп — урада, работадаўцаў і прафсаюзаў, зазначыў Ярашук. З афіцыйным дакладам ад імя ўрада звычайна выступаюць кіраўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Апрача таго, БКДП загадзя інфармуе МАП пра факты парушэння правоў прафсаюзаў, якія таксама абмяркоўваюцца на пасяджэнні камітэта. Прычым, як падкрэсліў Ярашук, адносна кожнага канкрэтнага выпадку тлумачэнні даюць прадстаўнікі ўрада, работадаўцаў і прафсаюзаў.