У Віцебску лопаецца будаўнічы трэст
На мяжы банкруцтва апынулася яшчэ адно прадпрыемства будаўнічай галіны Віцебска.
04.06.2012 / 11:36
ААТ «Віцебскі гарадскі будаўнічы трэст», больш вядомае пад старой назвай «473 УНР», падало адпаведную заяву ў Гаспадарчы суд Віцебскай вобласці.
Былая ваенная
Гаспадарчым судом Віцебскай вобласці распачатая вытворчасць па справе аб эканамічнай неплацежаздольнасці ААТ «Віцебскі гарадскі будаўнічы трэст». Праз два месяцы будзе канчаткова вырашана, што рабіць з трэстам далей — ліквідаваць або падвяргаць працэдуры санацыі. Віцебскі гарвыканкам, які з’яўляецца трымальнікам 99,25% акцый прадпрыемства, прызнаў немэтазгодным яго дасудовае аздараўленне. Дарэчы, у камунальную ўласнасць Віцебска акцыі прадпрыемства бязвыплатна былі перададзеныя толькі ў 2010 годзе. Да гэтага моманту будаўнічая арганізацыя ўжо вяла незайзроснае існаванне. Наяўнасць устойлівай неплацежаздольнасці прадпрыемства пачалася больш за пяць гадоў таму, калі яно яшчэ знаходзілася ў рэспубліканскай уласнасці. З года ў год трэст працаваў з нязменна адмоўным вынікам. Так, за 2011 год страты прадпрыемства перавысілі 5 млрд рублёў, а годам раней прадпрыемства было ў мінусе амаль на 2,4 млрд Новыя заказы не дазвалялі выправіць становішча. Праз тое, што не было свабодных сродкаў, пастаянна былі праблемы з набыццём будаўнічых матэрыялаў, зрываліся тэрміны здачы аб’ектаў і рос кошт будаўніцтва. Праз нізкія заробкі назіраўся пастаянны адток кадраў.
Цяпер у трэст прызначаны антыкрызісны кіраўнік, якому трэба будзе скласці рэестр крэдытораў і пазыковых абавязанняў акцыянернага таварыства, а таксама зрабіць захады па захаванні яго маёмасці.