Пофала: Выбары 19 снежня маглі б зрабіць Лукашэнку легітымным для Захаду
08.06.2012 / 12:03
«Я вельмі люблю Беларусь, але не буду наведваць Мінск, пакуль не будзе вызвалены апошні палітвязень»,— заявіў кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Германіі Рональд Пофала 8 чэрвеня ў Вільні на сустрэчы са студэнтамі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
«Нам цяжка зразумець стаўленне беларускага рэжыму да палітычнай апазіцыі. Асабліва ўлічваючы тое, што вынікі апытанняў, якія нам даступныя, гавораць:
Лукашэнка карыстаецца падтрымкай і ўсё роўна выйграваў бы выбары. Вядома, там былі б ужо не тыя лічбы, што атрымліваюцца ў выніку фальсіфікаваных выбараў, але прыблізна 50% галасоў ён дакладна атрымаў бы», — сказаў Пофала.
Нямецкі палітык не выключыў, што такі вынік, магчыма, «быў бы крыўдным» для Аляксандра Лукашэнкі.
«Але такія выбары зрабілі б легітымным, у тым ліку і для Захаду», — падкрэсліў Пофала.Ён дадаў, што для заходніх палітыкаў атрымаць на выбарах падтрымку паловы выбаршчыкаў — «ужо вялікі поспех».
У сваім выступленні Пофала таксама закрануў праблему смяротнай кары ў Беларусі.
«Некалькі месяцаў таму мы перажылі два пакаранні, якія адбыліся нягледзячы на тое, што назіральнікі паведамлялі: працэс па гэтай справе не адпавядаў прынцыпам прававой дзяржавы. Я не хачу вылучаць тэзіс аб магчымай невінаватасці злачынцаў, але я хачу толькі сказаць, што ў прававых дзяржавах такія працэсы доўжацца месяцамі, праводзяцца шматлікія экспертызы і, самае галоўнае, дзейнічае прынцып, згодна з якім любыя сумненні трактуюцца на карысць абвінавачаных», — сказаў нямецкі палітык.
Пофала падкрэсліў, што ўсе гэтыя прынцыпы не былі захаваны ў судзе над Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым, якія былі абвінавачаны ў тэрарызме і пакараны смерцю праз тры з паловай месяцы пасля вынясення прысуду.
Зазначыўшы, што Еўрасаюз папракаюць у марудным прыняцці рашэння па пытанні санкцый у дачыненні да Беларусі, Пофала заявіў:
«Я прытрымліваюся пункту гледжання, што з санкцыямі трэба быць асцярожнымі, каб яны не нашкодзілі беларускаму народу».
Апошнім разам Пофала наведваў Беларусь у лістападзе 2010 года. Ён удзельнічаў у XIII Мінскім форуме «Беларусь і ЕС пасля крызісу: выклікі і шансы ў сферах палітыкі, эканомікі і грамадства». Падчас візіту Пофала сустрэўся з прадстаўнікамі ўлады і грамадзянскай супольнасці.