Сіліцкі: Апазыцыі трэба ісьці да ўсіх
Палітоляг Віталь Сіліцкі камэнтуе вынікі Дня Волі.
26.03.2007 / 13:00
Палітоляг Віталь Сіліцкі камэнтуе вынікі Дня Волі.
Акцыя паказала, што ёсьць усё ж такі пэўная частка незалежнага грамадзтва, здольная выходзіць на вуліцы. Таму калі не сказаць, што гэта быў посьпех, то я б і не запісаў гэтую акцыю, як правал апазыцыі.
Што тычыцца ўладаў, то тут адбылася вельмі цікавая мэтамарфоза. Такі трук, як сьвяточны канцэрт «За независимую Беларусь» — гэта таксама знакавая падзея, якую яшчэ трэба асэнсоўваць. Аднак было заўважальна, што ў першаю чаргу пад уплывам вонкавага ціску ва ўлады сёньня былі ў пэўнай ступені зьвязаныя рукі і таго, што можна было чакаць — «хапуну», масавых арыштаў і зьбіцьця, не адбылося
Мне прыгадваецца такая гістарычная аналёгія — усе хрысьціянскія сьвяты былі калісьці падагнаныя пад паганскія, каб хрысьціянства было лепш успрынятае масамі. Рэжым Лукашэнкі зараз спрабуе зрабіць штосьці падобнае з тым нацыянальным рэпэртуарам, які можа скласьці нейкую маральную, духоўную альтэрнатыву гэтай уладзе, гэтай палітычнай, ідэалягічнай і культурнай гегемоніі, якая пануе зараз у краіне.
Гэтак адбылося калісьці з лёзунгам «За Беларусь». Я нагадаю, што гэта быў лёзунг перадвыбарчай кампаніі БНФ у 1990 годзе. Паглядзім , ці паўтарыцца гэты маратон незалежнасьці у наступным годзе. Сёлета па тэлебачаньні абвясьцілі, што проста добрае надвор’е надышло, дык вось пачынаем 25 сакавіка. Але задумка менавіта такая — канвэртацыя, камуфляж.
Такія рашэньні — заўсёды палка з двума канцамі. Калі ўлада спрабуе прыватызаваць гэтае сьвята, яна стварае пэўную легітымную прастору дзеяньняў і для іншых, у тым ліку і для апазыцыі. Альтэрнатыва можа пад гэтай маркай разгортваць працу па папулярызацыі нейкіх альтэрнатыўных ідэяў.
Каб мы ператварылі 25 Сакавіка ў сьвята ўсіх, трэба да ўсіх і ісьці, не забівацца ў сваю рэзэрвацыю. Нават калі яна на плошчы каля Акадэміі навук, а не Бангалоры — ужо штосьці лепшае.
Улада таксама прадэманстравала, што яе «дыялёг» з альтэрнатыўным грамадзтвам ідзе мовай міліцэйскіх кардонаў, якіх сёньня было проста незьлічона. Я зараз у Менску сяджу ў завулку каля вуліцы Дарашэвіча, тут яшчэ нядаўна стаяла велізарная калёна аўтазакаў. Улада была гатовая да сілавога сцэнару. Проста дэманстранты сёньня не пайшлі ні на якое абвастрэньне і таму нічога не адбылося.
У той жа час рукі ва ўлады былі зьвязаныя эўрапэйцамі , што вялікага «хапуну» ўлада вырашыла пазьбегнуць. Магчыма, гэты сцэнар узьнік літаральна напярэдадні акцыі, бо літаральна за некалькі дзён да 25 сакавіка ўзьнікла гэтая заява пра маратон «За незалежную Беларусь.
Улады хацелі б пайсьці на дыялёг з Захадам , але так, каб ні за што не адказваць і ня быць нікому абавязанымі.