Айцец Мікалай Гайдук: Ці давяраў судовай сістэме Хрыстос?

22 чэрвеня ў Гродне мае адбыцца суд над праваслаўным святаром Мікалаем Гайдуком. За тое, што той адмовіўся ад дактыласкапіі, яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні службовым асобам.

14.06.2012 / 13:15

На першае паседжанне суда 12 чэрвеня не з’явіўся ўчастковы міліцыянт Тадэвуш Матукевіч, які складаў на святара пратакол. Айцец Мікалай расказаў, чаму адмовіўся здаваць адбіткі пальцаў.

— Гэта выглядала неяк настойліва, гэта не было свабодным выбарам чалавека. У мяне няма іншага выйсця. Я хацеў параіцца і з архірэем, і са свяшчэннаначаллем, і з духоўнікам, але не атрымалася. Але ведаеце, мяне больш турбуе не тое, можна гэтыя адбіткі здаваць ці не, а тое, што міліцыянт склаў пратакол без мяне, парушыў закон дзеля нейкай сваёй мэты. Людзі пытаюцца — чаму ты будзеш ці не будзеш здаваць адбіткі… А мяне больш турбуе, чаму ён ідзе на падман. Здаецца, што падману ўвогуле не павінна быць. Не павінна быць ніякіх злачынных дзеянняў з боку праваахоўных органаў.

— Айцец Мікалай, хацелася б удакладніць пазіцыю Царквы ў гэтым пытанні. Епархія надрукавала сваё меркаванне, дзе падтрымліваецца ідэя, што калі чалавека прымушаюць здаваць, то гэта можа парушаць правы асобы…

— Не трэба нікога прымушаць, трэба, каб у чалавека была свабода выбару. Каб чалавек мог сказаць: я хачу альтэрнатывы. Ці не хачу — мяне задавальняе тое, што ёсць.

— Але ж у Беларусі ўвялі закон пра прымусовую дактыласкапію ваеннаабавязаных мужчынаў.

— Калі казаць асабіста пра мяне, то я святар, а святар не зусім ваеннаабавязаны, бо ён не мае права трымаць у руках зброю. Нават калі б быў закон, што трэба ўзяць у рукі зброю і святарам ды ісці з гэтай зброяй у руцэ… Нават я ведаю тыя прыклады, калі святары яшчэ да таго, каб быць святарамі, у Вялікую Айчынную вайну, змагаліся на баку чырвоных — у нас быў у саборы айцец Павел, то ён, пасля таго як скончылася вайна, яшчэ нёс трохі епіцім’ю, бо хацеў быць святаром, а святар не можа быць забойцам.

— Царква выказвае асцярогі, што гэтымі адбіткамі пальцаў могуць злоўжываць. Якія, па-Вашаму, тут могуць быць злоўжыванні з боку ўлады?

— У нас няма ніякага спосабу сказаць: усё, кропка, далей ісці нельга, бо тут парушаюцца нашы правы, наша годнасць і наша самапавага. Дзяржава сёння ўвяла адбіткі пальцаў, заўтра можа ўвесці яшчэ нешта, паслязаўтра яшчэ нешта, потым скажа, што трэба нейкую адзіную картку даць чалавеку і ўсё ў жыцці ён зможа рабіць толькі з гэтай карткай. А потым можа яшчэ й чып ужывяць — таксама будзе вельмі зручна. Ну, а потым скажуць: ты не пакланіўся, дык і чып табе адключым, і чалавек можа выпасці з грамадскага жыцця.

— Часам можна пачуць, пераважна ад людзей неправаслаўных, што, маўляў, у Беларусі ўлады якраз вельмі добра ставяцца да Праваслаўнай Царквы, даюць ёй розныя прывілеі — Вы пагадзіліся б з такім меркаваннем? Якія адносіны паміж царкоўнымі і свецкімі ўладамі?

— Тут ужо больш архірэі могуць адказаць. А так, наколькі я бачу… ну, вось, помню, быў землятрус у Кітаі, і тыя сродкі, якія Беларусь дала на дапамогу кітайскім братам, былі ў шмат разоў большыя, чым тыя сродкі, якія Беларусь дала Беларускай Праваслаўнай Царкве.

— Вяртаючыся да Вашага выпадку з міліцыянтам — як сябе паводзілі міліцыянты, калі патрабавалі ад Вас здаць адбіткі пальцаў?

— Я іх не бачыў увогуле, таму мне невядома, былі яны ветлівыя ці не. Яны склалі ў кабінеце пратакол без мяне.

— А ў чым канкрэтна яны Вас абвінавачваюць?

— У непадпарадкаванні законным патрабаванням ахоўнікаў парадку.

— Дык яны напісалі, што нешта ад Вас патрабавалі, а Вы адмовіліся?

— Ну так, і напісалі: ад подпісу адмовіўся. І так у чатырох месцах пратаколу. А я таго міліцыянта і не бачыў. Можа, я б і не стаў адмаўляцца, калі б бачыў.

— У суд участковы міліцыянт Тадэвуш Матукевіч не з’явіўся, і таму Вашу справу перанеслі на 22 чэрвеня. А Вы не спрабавалі неяк з ім звязацца, пагаварыць?

— Ведаеце, сёння патэлефанаваў начальнік Ленінскага раёна і сказаў, што напэўна недакладна быў зроблены пратакол, і трэба ўдакладніць нейкія акалічнасці. Я яму паабяцаў, што прыйду, але ў мяне не атрымалася. Мабыць, яны ўжо й самі разумеюць, што да іхнага пратаколу шмат пытанняў.

— Чаго Вы чакаеце ад наступнага судовага паседжання?

— Ведаеце, мне цікава паглядзець. Калі на чалавека проста седзячы ў кабінеце скласці пратакол — дык зможа суд даказаць ці не зможа, што чалавек у гэтым не вінаваты?

— На нашым радыё рэгулярна гучаць рэпартажы, дзе людзі сцвярджаюць, што іх судзяць, напрыклад, за брыдкаслоўе, хоць яны не лаяліся і не брыдкасловілі… Вы давяраеце судовай сістэме?

— А ці давяраў судовай сістэме Хрыстос? А апосталы давяралі? А навамучанікі давяралі судовай сістэме? Вось Вам і адказ…